OmegaT 4.2 — Дапаможнік карыстальніка

Вокны і дыялёгавыя вокны

Розьніца мінімальная: мы называем проста вокнамі тыя, якія могуць заставацца адчыненымі побач з акном рэдагаваньня і ўзаемадзейнічаць зь ім, а дыялёгавымі вокнамі — тыя, у які трэба выбраць і задаць пэўныя парамэтры, перш чым зачыніць і працягнуць працу.

Уласьцівасьці праекта

Гэты дыялёг выклікаецца праз “ПраектУласьцівасьці…”

Мовы

Мовы арыгіналу і перакладу можна ўводзіць уручную або выбіраць з выпадных сьпісаў. Памятайце, што зьмяненьне моваў можа паўплываць на вынікі ўжываньня файлаў памяці перакладаў, бо новая моўная пара можа не адпавядаць мовам памяці.

Паказваюцца генэратары метак, адпаведныя выбраным мовам.

Налады

Сэгмэнтаваньне па сказах

Налады сэгмэнтаваньня ўплываюць толькі на апрацоўку зыходных файлаў у OmegaT. Пераважным спосабам зьяўляецца сэгмэнтаваньне па сказах, і ў большасьці выпадкаў трэба проста пакінуць адпаведны сьцяжок.

У вельмі рэдкіх выпадках, аднак, можа патрабавацца іншы спосаб, г. зн. сэгмэнтаваньне па абзацах. Зьмяненьне гэтага парамэтра не ўплывае на сэгмэнтаваньне, якое было ўжытае ў працэсе стварэньня існых файлаў перакладаў. Калі ў працэсе перакладу вы вырашылі зьмяніць сэгмэнтаваньне па сказах на сэгмэнтаваньне па абзацах, унутраны файл памяці перакладаў праекта ня зьменіцца (OmegaT можа абнаўляць старыя файлы памяці перакладаў, у якіх не ўжывалася сэгмэнтаваньне па сказах, але не наадварот), але OmegaT паспрабуе падабраць недакладныя супадзеньні для абзацаў камбінаваньнем існых перакладаў сказаў.

Зьмяненьне наладаў сэгмэнтаваньня можа спрычыніцца да аб’яднаньня або разьяднаньня ўжо перакладзеных сэгмэнтаў. Фактычна гэта верне іх у стан неперакладзеных сэгмэнтаў, бо яны больш ня будуць адпавядаць сэгмэнтам, запісаным у памяці перакладаў праекта, ня гледзячы на тое, што іхнія пераклады захаваліся.

Аўтаматычная ўстаўка перакладаў

У выпадку наяўнасьці неўнікальных сэгмэнтаў у зыходных дакумэнтах аўтаматычная ўстаўка перакладаў азначае для карыстальніка дзьве наступныя магчымасьці: калі пазначана, першы перакладзены сэгмэнт будзе ўважацца за пераклад па змаўчаньні, а адпаведны пераклад будзе аўтаматычна ўжывацца для далейшых падказак у працэсе перакладу. Зразумела, што няправільна перакладзеныя сэгмэнты пазьней можна выправіць уручную з дапамогай пункту “Стварыць альтэрнатыўны пераклад”. Калі “Аўтаматычная ўстаўка перакладаў” не пазначана, сэгмэнты з альтэрнатыўнымі перакладамі пакідаюцца неперакладзенымі, пакуль карыстальнік ня вырашыць, які пераклад ужываць.

Не паказваць тэгі

Калі пазначана, усе тэгі фарматаваньня ў сэгмэнтах зыходнага тэксту не паказваюцца. Гэта асабліва карысна пры працы з тэкстамі, для якіх фарматаваньне ня мае асаблівага значэньня (напрыклад, файлы, атрыманыя пасьля распазнаваньня PDF, дрэнна пераўтвораныя файлы .odt або .docx і да г. п.). У падобных выпадках дакумэнты перакладаў звычайна адчыняюцца без праблемаў, таму што не паказваюцца толькі ўнутрытэкставыя тэгі. Нябачнае фарматаваньне (якое не паказваецца ў выглядзе тэгаў у вакне рэдагаваньня OmegaT) захоўваецца ў дакумэнтах перакладаў.

Зьнешняя каманда канчатковай апрацоўкі

У гэтым полі можна ўвесьці зьнешнюю каманду апрацоўкі (напрыклад, сцэнар, які пераймяноўвае файлы), якая будзе ўжывацца кожны раз пры ўжываньні каманды “Адкампіляваць праект”. Гэтая зьнешняя каманда ня можа ўтрымліваць “канвэеры” і да г. п., і таму пажадана выклікаць сцэнар.

Сэгмэнтаваньне…

Правілы сэгмэнтаваньня звычайна дзейсныя для ўсіх праектаў. Карыстальніку, аднак, можа спатрэбіцца стварыць набор правілаў для канкрэтнага праекта. Націсьнеце гэтую кнопку, каб адчыніць дыялёг, пазначце “Ужываць правілы сэгмэнтаваньня толькі да гэтага праекта”, затым наладзьце правілы сэгмэнтаваньня, як патрабуецца. Новы набор правілаў будзе захаваны разам з праектам і ня будзе ўплываць на агульны набор правілаў сэгмэнтаваньня. Каб выдаліць асаблівыя правілы сэгмэнтаваньня для праекта, здымеце пазнаку. Каб атрымаць болей зьвестак пра правілы сэгмэнтаваньня, гл. разьдзел “Сэгмэнтаваньне зыходных файлаў”.

Падказка: набор правілаў сэгмэнтаваньня для пэўнага праекта захоўваецца ў файле праект/omegat/segmentation.conf.

Файлавыя фільтры…

Падобна таму, як паказана вышэй, карыстальнік мае магчымасьць ствараць файлавыя фільтры для пэўных праектаў, якія будуць захоўвацца разам з праектам і будуць дзейнічаць толькі для бягучага праекта. Каб стварыць набор файлавых фільтраў для канкрэтнага праекта, націсьнеце кнопку “Файлавыя фільтры…”, затым у вакне, якое адчыніцца, пазначце “Ужываць налады файлавых фільтраў толькі для гэтага праекта”. Копія канфігурацыі файлавых фільтраў будзе захаваная разам з праектам. Каб выдаліць асаблівыя файлавыя фільтры для праекта, здымеце пазнаку. Памятайце, што праз мэню Налады → Файлавыя фільтры зьмяняюцца агульныя файлавыя фільтры, а не фільтры для праекта. Болей па тэме гл. у разьдзеле “Налады файлавых фільтраў”.

Падказка: набор файлавых фільтраў для пэўнага праекта захоўваецца ў файле праект/omegat/filters.xml.

Вызначэньне адпаведнасьці рэпазыторыяў…

Для працы з каманднымі праектамі ў гэтым акне можна вызначаць адпаведнасьці паміж каталёгамі на сэрвэры і лякальнымі каталёгамі (прыклады ёсьць тут).

Пошук па-за праектам…

Месцы для пошуку для пэўнага праекта.

Разьмяшчэньне файлаў

Тут можна выбраць розныя падкаталёгі, напрыклад, падкаталёг зыходных файлаў, падкаталёг файлаў перакладаў і да г. п. Калі ўвесьці назву каталёга, які яшчэ не існуе, OmegaT створыць яго. Калі вы вырашылі зьмяніць каталёгі праекта, памятайце, што пры гэтым існыя файлы ня будуць аўтаматычна перанесеныя са старых каталёгаў у новыя.

Клікнеце па кнопцы “Выключэньні…”, каб задаць, якія файлы або каталёгі будуць ігнаравацца OmegaT. Ігнараваны файл або каталёг:

  • не паказваецца ў вакне рэдагаваньня OmegaT;

  • не рахуецца ў статыстыцы;

  • не капіюецца ў каталёг /target пры кампіляцыі файлаў перакладаў.

У дыялёгу “Шаблёны выключэньняў” можна дадаць або выдаліць шаблён, або адрэдагаваць яго, вылучыўшы адпаведны радок і націснуўшы F2. Можна ўжываць знакі падстаноўкі ў адпаведнасьці з сынтаксысам ant.

Файлы праекта

Гэтае вакно аўтаматычна выводзіцца на экран пры загрузцы праекта OmegaT, а таксама пры выбары ПраектФайлы праекта… у мэню.

Заўвага: можна адключыць вывад гэтага вакна на экран пры загрузцы, зьмяніўшы значэньне зьменнай project_files_show_on_load на false у файле omegat.prefs (доступ да яго — праз мэню “СэрвісАдчыніць каталёг канфігурацыі”).

Каб адчыніць яго, націскайце Ctrl + L, а каб зачыніць — Esc . У вакне файлаў праекта адлюстроўваюцца наступныя зьвесткі:

  • агульная колькасьць файлаў да перакладу ў праекце. Рахуюцца файлы ў каталёгу /source у фармаце, які OmegaT здольная прачытаць. Іхні агульны лік паказваецца ў дужках, побач з загалоўкам “Файлы праекта”.

  • сьпіс усіх файлаў да перакладу ў праекце. Пры націску на любы файл ён адчыніцца для перакладу.

    Калі пачаць друкаваць нейкі тэкст, адчыніцца поле “Фільтар”, дзе можна ўвесьці часткі назваў файлаў. Файл можна выбраць клявішамі ”Уверх” і “Уніз” і адкрыць яго для перакладу, націснуўшы Enter .

    Заўвага: назвы файлаў (у першым слупку) можна адсартаваць у альфабэтным парадку, клікнуўшы па загалоўку. Акрамя таго, можна зьмяніць пазыцыю назвы файла, клікнуўшы па ёй і націснуўшы кнопкі ”На першую пазыцыю”, “Уверх”, “Уніз”, “На апошнюю пазыцыю” .

    Клік правай кнопкай мышы па назьве файла адкрывае выплыўнае вакно, якое дазваляе адчыніць зыходны файл і (калі існуе) файл перакладу.

  • Запісы файлаў уключаюць іхнія назвы, тыпы файлавых фільтраў, іхняю кадоўку і колькасьць сэгмэнтаў у кожным файле.

  • агульная колькасьць сэгмэнтаў, колькасьць унікальных сэгмэнтаў ва ўсім праекце, а таксама колькасьць ужо перакладзеных унікальных сэгмэнтаў паказваюцца ў ніжняй частцы

Мноства унікальных сэгмэнтаў вылічаецца так: бяруцца ўсе сэгмэнты і выдаляюцца паўторныя сэгмэнты. (Вызначэньне тэрміна “унікальны” улічвае рэгістар: “Бегчы” і “бегчы” уважаюцца за розныя сэгмэнты).

Розьніца паміж колькасьцю сэгмэнтаў і колькасьцю ўнікальных сэгмэнтаў дае прыблізнае ўяўленьне пра колькасьць паўтораў у тэксьце. Аднак варта адзначыць, што лікі не паказваюць значэньня паўтораў: яны могуць азначаць паўторы адносна доўгіх сказаў (у гэтым выпадку вам пашанцавала) або проста табліцу ключавых словаў (ня так ужо і пашанцавала). У файле project_stats.txt , разьмешчаным у каталёгу omegat праекта, ёсьць больш падрабязныя зьвесткі пра сэгмэнты з разьбіўкай па файлах.

Зьмяненьне правілаў сэгмэнтаваньня можа спрычыніцца да зьмяненьня ліку сэгмэнтаў / унікальных сэгмэнтаў. Гэтага, як правіла, варта пазьбягаць, калі праект ужо пачаты. Болей зьвестак гл. у разьдзеле “ Правілы сэгмэнтаваньня ”.

Даданьне файлаў у праект: каб дадаць зыходныя файлы ў праект, можна націснуць кнопку “Імпартаваць зыходныя файлы”. Пры гэтым абраныя файлы капіююцца ў каталёг source, праект перагружаецца для загрузкі новых файлаў. Можна таксама дадаць зыходныя файлы з інтэрнэт-старонак, напісаных у MediaWiki, націснуўшы на кнопку “Спампаваць старонку MediaWiki” і ўвёўшы адпаведны URL.

Пошук тэксту

Адчынеце вакно пошуку і замены, націснуўшы Ctrl + F , і ўвядзеце слова або выраз, які трэба замяніць, у полі Знайсьці .

Можна таксама вылучыць слова або фразу ў панэлі рэдагаваньня, панэлі недакладных супадзеньняў або панэлі глясароў і націснуць Ctrl + F . Слова або фраза аўтаматычна зьявіцца ў полі “Знайсьці” . Можна адначасова трымаць некалькі адчыненых вокнаў пошуку, але іх варта зачыняць, калі ў іх больш няма патрэбы, каб яны не заміналі на працоўным стале.

Клікнеце па стрэлцы ў полі “Знайсьці” , каб пабачыць апошнія 10 словаў/фразаў, якія шукаліся.

Акно пошуку мае свае мэню:

  • Файл → Пошук вылучанага ( Ctrl + F ): вярнуць фокус у поле пошуку і вылучыць усё ягонае зьмесьціва.

  • Файл → Зачыніць ( Ctrl + W ): зачыніць акно пошуку (дзейнічае як Esc )

  • Праўка → Уставіць зыходны тэкст ( Ctrl + Shift + I ): уставіць зыходны тэкст бягучага сэгмэнта.

  • Праўка → Аднавіць зыходны тэкст ( Ctrl + Shift + R ): замяніць тэкст на зыходны тэкст бягучага сэгмэнта.

  • Праўка → Стварыць новы запіс глясара ( Ctrl + Shift + G ): дадаць новы запіс глясара.

Ужываньне знакаў падстаноўкі

Для дакладных пошукаў і пошукаў паводле ключавых слоў падтрымліваюцца знакі падстаноўкі “*” і “?”. Яны ўжываюцца падобным чынам як і ў праграме Word:

  • Сымбаль “*” азначае 0 або больш сымбаляў ад бягучай пазыцыі ў пэўным слове да ягонага канца. Напрыклад, фраза “бел*” супадзе са словамі “белы”, “белай” і “беларус”.

  • Сымбаль “?” прадстаўляе роўна адзін сымбаль. Напрыклад, фраза “бел?” супадзе са словам “белы”, а таксама з часткай “бела” ў слове “белай”.

Супадзеньні пры паказе будуць вылучацца паўтлустым сінім шрыфтам. Памятайце, што знакі “*” і “?” маюць адмысловае значэньне для рэгулярных выразаў, і таму са знакамі падстаноўкі, апісанымі вышэй, можна зьдзяйсьняць толькі дакладны пошук або пошук паводле ключавых словаў (гл. ніжэй).

Мэтады і парамэтры пошуку

Выберыце мэтад з дапамогай кнопак-пераключальнікаў. Ёсьць наступныя варыянты пошуку:

дакладны пошук

Пошук сэгмэнтаў, у якіх дакладна ўтрымліваецца паданы радок. Дакладны пошук фразы, г. зн. калі ўведзена некалькі слоў, дасьць вынік, толькі калі яны сустракаюцца менавіта ў паданай пасьлядоўнасьці. Пошук фразы “open file” дасьць вынікі для ўсіх выпадкаў, калі сустракаецца радок “open file” , але не “file opened” або “open input file” .

пошук паводле ключавых слоў

Пошук сэгмэнтаў, у якіх утрымліваюцца ўсе паданыя ключавыя словы ў якой заўгодна пасьлядоўнасьці. Выбірайце пошук паводле ключавых словаў для якой заўгодна колькасьці асобных поўных словаў у якім заўгодна парадку. OmegaT паказвае сьпіс сэгмэнтаў, у якіх утрымліваюцца ўсе паданыя словы. Пошук паводле ключавых словаў падобны варыянту “шукаць усе словы” ў Інтэрнэце, напрыклад, праз Google (апэратар AND). Такім чынам, пошук паводле ключавых словаў для “open file” выдасьць усе выпадкі радкоў “open file”, а таксама “file opened”, “open input file”, “file may not be safe to open” і да г. п.

рэгулярныя выразы

Радок пошуку будзе апрацоўвацца як рэгулярны выраз. Радок пошуку [a-zA-Z]+[öäüqwß] у прыкладзе вышэй дазволіць знайсьці словы ў перакладзе, якія ўтрымліваюць сумніўныя сымбалі для нямецкай клявіятуры. Рэгулярныя выразы — гэта магутны сродак для пошуку асобнікаў радкоў.

Дадаткова да пазначаных варыянтаў можна выбраць наступнае:

  • улічваць рэгістар : робіцца пошук дакладна пазначанага радка, г. з. адрозьніваюцца малыя і вялікія літары.

  • Прабел тоесны неразрыўнаму прабелу : калі пазначана, за прабельны сымбаль у шуканым тэксьце ўважаецца або звычайны прабел, або неразрыўны прабел (\u00A).

  • у зыходным тэксьце: пошук у зыходных сэгмэнтах

  • у перакладах: пошук у сэгмэнтах перакладаў

  • у зацемках: пошук у зацемках да сэгмэнтаў

  • у камэнтарох: пошук у камэнтарох да сэгмэнтаў

  • Перакладзеныя або неперакладзеныя: пошук і ў перакладзеных, і ў неперакладзеных сэгмэнтах.

  • Перакладзеныя: пошук толькі ў перакладзеных сэгмэнтах.

  • Неперакладзеныя: пошук толькі ў неперакладзеных сэгмэнтах.

  • Паказ: усе адпаведныя сэгмэнты: калі пазначана, усе сэгмэнты будуць паказаныя адзін за адным, нават калі яны паўтараюцца некалькі разоў у дакумэньце або ў розных дакумэнтах.

  • Паказ: назвы файлаў: калі пазначана, назва файла, у якім знойдзены сэгмэнт, паказваецца над кожным вынікам.

  • Дзе шукаць: Праект : пазначце Памяць , каб у пошук была ўключаная памяць праекта (project_save.tmx file). Пазначце Файлы памяці перакладаў , каб у пошук былі ўключаныя файлы памяці перакладаў, якія знаходзяцца ў каталёгу tm. Пазначце Глясары , каб у пошук былі ўключаныя глясары, якія знаходзяцца ў каталёгу glossary.

  • Пошук у: Файлы: пошук у адзіным файле або ў каталёгу, які ўтрымлівае шэраг файлаў. Пры пошуках у файлах (у адрозьненьне ад памяці перакладаў) OmegaT абмяжоўвае пошук файламі фарматаў, якія падтрымліваюцца ў якасьці зыходных. Адпаведна, хаця OmegaT можа апрацоўваць файлы tmx, яны ня будуць уключаныя ў пошук (калі ён робіцца ў файлах).

Калі націснуць кнопку “Паказаць дадатковыя парамэтры”, можна выбраць дадатковыя парамэтры (аўтар сэгмэнта або зьменаў у перакладзе, дата перакладу, выключэньне састарэлых сэгмэнтаў і інш.). Калі пазначана “Не адрозьніваць поўна- і паўшырынныя сымбалі” , пры пошуку поўнашырынных формаў (для сымбаляў ККЯ) будуць знойдзеныя і паўшырынныя формы і наадварот.

Паказ вынікаў пошуку

Пасьля націсканьня кнопкі пошуку на экране ў полі пошуку зьявяцца ўсе сэгмэнты праекта, якія ўтрымліваюць уведзены радок. Паколькі OmegaT разглядае ідэнтычныя сэгмэнты як адзін, будзе бачны толькі першы ўнікальны сэгмэнт. Сэгмэнты паказваюцца ў тым парадку, у якім яны зьяўляюцца ў праекце. Перакладзеныя сэгмэнты паказваюцца з зыходным тэксьце ўверсе і перакладам унізе, неперакладзеныя сэгмэнты — толькі з зыходным тэкстам.

Па падвойным кліку на сэгмэньце ён адчыняецца ў акне рэдагаваньня, дзе яго можна зьмяніць (гэта можна рабіць і адзіным клікам, калі пазначана Аўтасынхранізацыя з акном рэдагаваньня ). Затым можна вярнуцца да вакна пошуку, перайсьці да наступнага знойдзенага сэгмэнта, праверыць яго, напрыклад, на тэрміналёгію і выправіць.

У вакне пошуку для пераходу паміж сэгмэнтамі можна ўжываць звычайныя спалучэньні клявішаў ( Ctrl + N , Ctrl + P ).

Адначасова можна мець некалькі адкрытых вокнаў пошуку. Каб хутка зразумець, якое там зьмесьціва, дастаткова прачытаць загаловак акна, у якім утрымліваецца шуканы тэрмін.

Фільтрацыя вынікаў пошуку ў акне рэдагаваньня

Каб палегчыць навігацыю паміж вынікамі пошуку, можна ўжыць фільтр у акне рэдагаваньня. Націсьнеце кнопку “Фільтар” унізе, каб у вакне рэдагаваньня паказваліся толькі сэгмэнты, адпаведныя бягучаму пошуку. Паміж імі можна пераходзіць звычайным чынам, напрыклад, да наступнага (неперакладзенага) сэгмэнта, які адпавядае крытэрыям пошуку.

Заўвага:

  • Колькасьць вынікаў пошуку абмяжоўваецца 1000, і калі вы шукаеце нейкую вельмі простую фразу, то будуць паказаныя толькі 1000 вынікаў, а ня ўсе сэгмэнты, якія адпавядаюць крытэрыям пошуку.

  • У файле можа ня быць адпаведных сэгмэнтаў, і ён будзе паказаны пустым.

  • Калі пры пошуку выдаляюцца дублікаты, гэтых дублікатаў ня будзе ў вакне рэдагаваньня.

Каб зьняць фільтар, націсьнеце кнопку “Выдаліць фільтар” або перагрузеце праект.

Замена тэксту

Адчынеце вакно пошуку і замены, націснуўшы Ctrl + K , і ўвядзеце слова або выраз, які трэба замяніць, у полі Знайсьці .

Затым клікнеце па кнопцы Пошук , каб пабачыць усе адпаведнікі.

Увядзеце новае слова або фразу (падтрымкі рэгулярных выразаў няма) у полі “Замяніць на” , затым клікнеце па адным з наступных варыянтаў:

  • Замяніць усё: замена робіцца ва ўсіх уваходжаньнях (пасьля паказу вакна пацьвярджэньня, у якім будзе бачнай колькасьць уваходжаньняў).

  • Замяніць: замена робіцца па аднаму, пасьля націсканьня кнопак у загалоўку панэлі рэдагаваньня . Клікайце “Замяніць наступнае” або “Прапусьціць” , затым, каб скончыць працэс, “Гатова” .

  • Зачыніць: зачыніць акно, ня робячы нейкіх зьменаў.

Парамэтры пошуку

Парамэтры пошуку падобныя тым, што паказваюцца ў вакне пошуку.

Адно толькі выключэньне: пазначце “Неперакладзеныя” , каб пошук адбываўся таксама і ў яшчэ не перакладзеных сэгмэнтах.

Каб гэта было магчымым (хаця пошук і замена працуе толькі для памяці), OmegaT скапіюе зыходны тэкст арыгінала ў пераклад перад апэрацыяй замены. Калі для сэгмэнта ня вызначаны тэкст замены, пераклад у сэгмэньце будзе выдалены, г. зн., сэгмэнт застанецца неперакладзеным.

Сродак выраўноўваньня

Выраўноўваньне — гэта працэс стварэньня двухмоўнай памяці перакладаў з ужо перакладзеных аднамоўных дакумэнтаў.

Каб адчыніць гэтае вакно, выберыце СэрвісВыраўнаваць файлы....

Этап 1: Наладзіць парамэтры выраўноўваньня

Калі выглядае так, што можна атрымаць і лепшыя вынікі выраўноўваньня, паспрабуйце зьмяніць налады выраўноўваньня. У большасьці выпадкаў можна атрымаць лепшыя вынікі выраўноўваньня, панізіўшы сярэдні бал.

У рэжыме “Разам” ацэнка тэкста робіцца глябальна. У рэжыме “Па меры разбору” ацэнка робіцца сэгмэнт за сэгмэнтам.

Для файлаў тыпу ключ=значэньне варта выбраць рэжым параўнаньня. Гэта дае вынікі нават пры розным парадку ключоў у двух файлах ці пры розным аб’ёме зьвестак у іх. Гэты варыянт даступны толькі ў выпадку, калі абодва выбраныя файлы распазнаныя як ключ=значэньне.

Альгарытмы Вітэрбі і Упера-назад уключаюць розныя мэтады рахаваньня. Выбірайце той, які забясьпечвае лепшыя вынікі.

Націсьнеце Далей для пераходу да наступнага этапа.

Этап 2: Зрабіць выпраўленьні ўручную

Пасьля аўтаматычнай апрацоўкі двух файлаў звычайна патрабуецца карэкцыя выраўноўваньня ўручную.

Перакладныя адзінкі зьмяшчаюцца ў ячэйках у двух апошніх слупках.

Каб выраўнаваць два сэгмэнты ў адным радку:

  1. Вылучэце першы сэгмэнт.

  2. Націсьнеце клявішу прабелу (клявіша для РэдагавацьПачаць мэтавае выраўноўваньне).

  3. Націсьнеце на другі слупок, на пераклад, адпаведны першаму сэгмэнту.

Пасьля некалькіх падобных апэрацыяў выберыце РэдагавацьПеравыраўнаваць чаргу, каб абнавіць выраўноўваньне іншых сэгмэнтаў.

Каб зьмяніць пазыцыю аднаго ці некалькіх сэгмэнтаў паасобна, вылучэце іх і націсьнеце U (уверх) або D (уніз).

У выніковую памяць перакладаў трапяць толькі радкі, для якіх пазначана Пакінуць у першым слупку.

Калі два слупкі выраўнаваныя належным чынам, націсьнеце Захаваць TMX…, каб стварыць выніковую памяць перакладаў.

Сцэнары

Гэты дыялёг выклікаецца праз СэрвісСцэнары…

Ужываньне

Акно сцэнароў дазваляе загрузіць існы сцэнар у тэкставую вобласьць і выканаць яго для бягучага праекта. Каб наладзіць выкананьне сцэнара, выканайце наступныя дзеяньні:

  • Загрузеце сцэнар у рэдактар, націснуўшы ягоную назву ў сьпісе на левай панэлі.

  • Правай кнопкай мышы націсьнеце на кнопку “<1>” — “<12>” на ніжняй панэлі і выберыце “Дадаць сцэнар”.

  • Калі націснуць нумар левай кнопкай мышы, выканаецца выбраны сцэнар. Выбраныя сцэнары можна запускаць праз адпаведныя падпункты пункта мэню Сэрвіс або націскаючы Ctrl+Alt+F# (дзе # — 1 да 12).

Па змаўчаньні сцэнары знаходзяцца ў падкаталёгу “scripts” у каталёгу ўсталяваньня OmegaT (г. зн., каталёгу, які зьмяшчае файл OmegaT.jar).

Туды можна дадаваць новыя сцэнары, якія будуць зьяўляцца ў акне сцэнароў.

Некалькі дадатковых сцэнароў можна знайсьці тут: OmegaT Scripts

Мовы сцэнароў

Рэалізаваныя наступныя мовы сцэнароў:

  • Groovy (http://groovy.codehaus.org): дынамічны мова для віртуальнай машыны Java. Ён аб’ядноўвае моц Java і зручныя функцыі, падобныя мовам тыпу Python, Ruby і Smalltalk.

  • JavaScript (часам скарочана JS, не блытаць з Java): прататыпаарыентаваная мова сцэнароў, дынамічная, са слабой тыпізацыяй і першакляснымі функцыямі. Гэта — шматпарадыгмавая мова, якая падтрымлівае аб’ектна-арыентаваны, імпэратыўны і функцыянальны стылі праграмаваньня. Дзякуючы ўжываньню ў папулярных праграмах, такіх як Firefox, гэтую мову добра ведаюць і любяць прыхільнікі свабоднага праграмнага забесьпячэньня.

Усе мовы маюць доступ да аб’ектнай мадэлі OmegaT з праектам у якасьці верхняга аб’екта. У наступным фрагмэнце коду на Groovy, напрыклад, робіцца прагляд усіх сэгмэнтаў ва ўсіх файлах у бягучым праекце і, калі пераклад існуе, выводзіцца крыніца і пераклад сэгмэнта:

    files = project.projectFiles;
    for (i in 0 ..< files.size())
    {
        for (j in 0 ..< files[i].entries.size())
        {
            currSegment = files[i].entries[j];
            if (project.getTranslationInfo(currSegment))
            {
                source = currSegment.getSrcText();
                target = project.getTranslationInfo(currSegment).translation;
                console.println(source + " >>>> " + target);
            }     
        }
    }

Агульныя налады

Гэты дыялёг выклікаецца праз НаладыНалады…

У ім змяняюцца парамэтры, агульныя для ўсіх праектаў перакладаў.

Агульныя

Выкарыстоўваць TAB для пераходу далей

Клявішай для пацьверджаньня сэгмэнта прызначаецца Tab замест Enter (па змаўчаньні). Гэтая опцыя карысная для некаторых сыстэмаў уводу сымбаляў карэйскай, кітайскай і японскай моваў.

Заўсёды пацьвярджаць выхад

Перад закрыцьцём праграмы будзе зьяўляцца папярэджаньне.

Машынны пераклад

Аўтаматычна накіроўваць пераклады

У мэтах захаваньня канфідэнцыйнасьці можа быць непатрэбным адсылаць усе сэгмэнты ў сыстэму машыннага перакладу. Калі гэтая опцыя адключаная, машынныя пераклады будуць накіроўвацца толькі пры націсканьні Ctrl + M ( Cmd + M у OS X) для бягучага сэгмэнта. Затым, каб уставіць пераклад, трэба зноў націснуць Ctrl + M .

Толькі неперакладзеныя сэгмэнты

Уключэце гэтую опцыю, каб накіроўваць у сэрвісы машыннага перакладу толькі неперакладзеныя сэгмэнты.

Пазначце патрэбную сыстэму са сьпісу і пры неабходнасьці націсьнеце на кнопку “Канфігурацыя”, каб увесьці патрэбныя ідэнтыфікацыйныя зьвесткі.

Пра канфігураваньне сэрвісаў Microsoft Translator і Google Translate можна прачытаць на наступнай вікі-старонцы.

Глясар

Паказваць апісаньне кантэксту для глясароў у фармаце TBX

Адключэце гэтую опцыю, калі апісаньне кантэксту для элемэнтаў глясароў непатрэбнае або задоўгае.

Ужываць тэрміны, якія зьяўляюцца паасобку ў зыходным тэксьце

Калі гэтая опцыя ўключаная, у глясары будуць адлюстроўвацца пары або групы словаў (выразаў), нават калі словы зь іх зьяўляюцца ў зыходным тэксьце паасобку.

Адключэце гэтую опцыю, калі ў глясары зьяўляецца зашмат няслушных супадзеньняў.

Ужываць марфалягічны пошук для тэрмінаў глясара

Уключэце гэтую опцыю, калі хочаце, каб у вакне глясара паказваліся аднакарэнныя словы.

Устаўляць супадзеньні з глясара, устаўляючы зыходны тэкст у пераклад

Калі ўключаныя і гэтая опцыя, і «Устаўляць зыходны тэкст» , пры ўстаўцы зыходнага тэксту ў пераклад усе словы будуць замяняцца адпаведнікамі з глясара.

Ігнараваць супадзеньні зь вельмі розным рэгістрам літараў (напр. FOO і foo)

Калі гэтая опцыя ўключаная, у глясары будзе паказвацца толькі адзін запіс, нават калі адно і тое самае слова сустракаецца ў глясары ў некалькіх формах (напрыклад зь вялікімі літарамі і бязь іх).

Тэрміналёгія TaaS

Атрымаць ключ API

Націсьнеце на гэтую кнопку, каб атрымаць доступ да сайта праекта Таас і стварыць уліковы запіс карыстальніка.

Стварыць ключ для доступу можна на наступнай старонцы: https://term.tilde.com/account/keys/create?system=omegaT.

Захаваць толькі для гэтай сэсіі

Калі гэтая опцыя ўключаная, OmegaT ня будзе захоўваць ключ для доступу паміж сэансамі.

Прагляд калекцый TaaS…

Гэтая кнопка дазваляе праглядаць і загружаць калекцыі, існыя для моваў арыгіналу і перакладу праекта. Прыватныя калекцыі вылучаюцца паўтлустым шрыфтам. Калекцыі загружаюцца як глясары ў фармаце TBX і захоўваюцца ў бягучым каталёгу глясароў.

Выбраць вобласьць пошуку тэрмінаў у TaaS…

Пры неабходнасьці можна выбраць канкрэтную вобласьць, каб абмежаваць аб’ём адпраўкі і атрыманьня даніх.

Слоўнік

Аўтаматычны пошук тэксту сэгмэнта ў слоўніку

Адключэце гэтую опцыю, каб адключыць аўтаматычны пошук. Гэта карысна, напрыклад, калі слоўнікі завялікія.

Ужываць падбор недакладных супадзеньняў для пошуку ў слоўніках

Уключэце гэтую опцыю, калі хочаце, каб у вакне слоўнікаў паказваліся аднакарэнныя словы.

Выгляд

Аднавіць галоўнае вакно

Аднаўленьне кампанэнтаў галоўнага вакна OmegaT да іх зыходнага стану. Ужывайце гэтую функцыю ў выпадку немагчымасьці аднаўленьня пажаданай кампаноўкі элемэнтаў акна пасьля іх адмацаваньня, перасоўваньня або хаваньня. Яе таксама можна выкарыстаць, калі панэлі не адлюстроўваюцца належным чынам пасьля абнаўленьня OmegaT.

Шрыфт

Выклікаецца дыялёг зьмены шрыфту тэксту на дысплее. Карыстальнікам старых кампутараў, калі зьмяненьне памераў акна запавольнае, можна паспрабаваць зьмяніць шрыфт. Пра наладку шрыфту гл. “Рознае”.

Колеры

На гэтай старонцы можна выбіраць розныя колеры для кожнай часткі карыстальніцкага інтэрфэйса.

З дапамогай сцэнара можна задаваць вызначаныя тэмы. Сцэнар, які ўваходзіць у склад OmegaT і называецца Switch Colour Themes, па змаўчаньні вызначае тэму “Dark”.

Файлавыя фільтры

У гэтым дыялёгу паказваюцца наяўныя файлавыя фільтры. Тыя, якія ўжываюцца ў бягучым праекце, вылучаюцца паўтлустым шрыфтам. Калі ня трэба перакладаць файлы пэўнага тыпу, можна проста зьняць пазнаку насупраць назвы адпаведнага фільтра. OmegaT прапусьціць адпаведныя файлы пры загрузцы праектаў і будзе капіяваць іх бязь зьменаў пры стварэньні перакладаў. Пазьней, калі будзе пажадана зноў ужыць фільтар, трэба проста аднавіць пазнаку. Каб вярнуцца да наладаў па змаўчаньні, націсьнеце Аднавіць змаўчаньні . Для праўкі таго, якія файлы і ў якіх кадоўках будзе апрацоўваць фільтар, трэба выбраць яго са сьпісу і націснуць “Зьмяніць” .

Дыялёг дазваляе ўключыць або адключыць наступныя парамэтры:

  • Выдаліць пачатковыя і канчатковыя тэгі: трэба зьняць гэтую пазнаку, каб паказваліся ўсе тэгі, і пачатковыя, і канечныя. Увага: у фарматах Microsoft Open XML (DOCX, XLSX, і да г. п.), калі тэгі паказваюцца, НЕЛЬГА нешта ўпісваць перад першым тэгам (гэта — тэхнічны тэг, зь якога заўсёды павінен пачынацца сэгмэнт).

  • Выдаліць пачатковыя і канечныя прабельныя сымбалі ў несэгмэнтаваных праектах: па змаўчаньні OmegaT выдаляе пачатковыя і канечныя прабельныя сымбалі. У несэгмэнтаваных праектах іх можна захаваць, адключыўшы гэты парамэтар.

  • Захоўваць прабелы для ўсіх тэгаў: пазначце гэтую вопцыю, калі зыходныя дакумэнты ўтрымліваюць значную колькасьць прабелаў (з прычыны асаблівасьцяў макету), якія нельга ігнараваць.

  • Ігнараваць кантэкст файла пры вызначэньні сэгмэнтаў з альтэрнатыўнымі перакладамі: па змаўчаньні OmegaT ужывае назву зыходнага файла дзеля ідэнтыфікацыі альтэрнатыўнага перакладу. Калі гэтая опцыя ўключана, назва зыходнага файла ня будзе ўжывацца, і альтэрнатыўныя пераклады будуць ужывацца ў любым файле, калі дазваляе іншы кантэкст (папярэдні/наступны сэгмэнты, або нейкі ідэнтыфікатар, у залежнасьці ад фармату файла) адпавядае.

Налады фільтра

Некалькі фільтраў (тэкставыя файлы, файлы XHTML, файлы HTML і XHTML, файлы OpenDocument і Microsoft Open XML) маюць пэўныя спэцыфічныя налады. Каб зьмяніць налады, абярэце фільтр са сьпісу і націсьнеце “Налады” . Даступныя варыянты:

Тэкставыя файлы

  • Сэгмэнтаваць тэкст у абзацы па разрывах радкоў, пустых радкох, або не сэгмэнтаваць:

    Калі ўключана сэгмэнтаваньне па сказах, тэкст далей будзе разьбівацца ў адпаведнасьці з абраным тут варыянтам.

Файлы PO

  • Дазваляць пустыя пераклады ў файле перакладаў :

    Калі ўключана, то калі сэгмэнт PO (якім можа быць увесь абзац) не перакладзены, пераклад будзе пустым у файле перакладу. З тэхнічнага гледзішча, сэгмэнт msgstr у створаным файле PO будзе пакінуты пустым. Паколькі гэта стандартна для PO-файлаў, опцыя ўключана па змаўчаньні. Калі опцыя адключана, зыходны тэкст будзе капіявацца ў пераклад.

  • Прамінаць загаловак PO

    Калі гэтая опцыя ўключана, загаловак PO будзе прамінуты і пакінуты нязьменным.

  • Аўтаматычна замяняць 'nplurals=INTEGER; plural=EXPRESSION;' у загалоўку

    Опцыя дазваляе OmegaT перавызначаць спэцыфікацыю ў загалоўку файла PO і ўжываць значэньне па змаўчаньні для абранай мовы перакладу.

Файлы XHTML

  • Перакладаць наступныя атрыбуты : выбраныя атрыбуты зьявяцца ў выглядзе сэгмэнтаў у вакне рэдагаваньня.

  • Пачынаць новы абзац з : HTML-тэг <br> будзе зьяўляцца як абзац для мэтаў сэгмэнтаваньня.

  • Абмінаць тэкст, які супадае з рэгулярным выразам : тэкст, адпаведны рэгулярнаму выразу, будзе прамінуты. Ён будзе вылучацца чырвоным пры праверцы тэгаў. Адпаведны тэкст у зыходным сэгмэньце будзе вылучаны курсівам.

  • Не перакладаць атрыбут зьмесьціва мэта-тэгаў…: Наступныя мэта-тэгі ня будуць перакладацца.

  • Не перакладаць зьмесьціва атрыбуту мэта-тэгаў з наступным атрыбутам тыпу пара “ключ-значэньне” (падзяляць коскамі): : пры наяўнасьці супадзеньня ў сьпісе пар “ключ-значэньне” зьмесьціва тэгаў будзе ігнаравацца.

    Гэта часам карысна, каб мець магчымасьць зрабіць пэўныя тэгі неперакладальнымі на аснове значэньня атрыбутаў. Напрыклад, <div class="hide"> <span translate="no">. Можна вызначыць пары ключ-значэньне, каб вызначыць тэгі, якія ня трэба перакладаць. Для прыклада вышэй поле мусіць утрымліваць: class=hide, translate=no

Файлы Microsoft Office Open XML

Можна выбраць элемэнты, якія павінны быць перакладзены. Яны зьявяцца ў выглядзе асобных сэгмэнтаў у перакладзе.

  • Word: нябачны тэкст інструкцыяў, камэнтары, зноскі, вынаскі, калянтытулы

  • Excel: камэнтары, назвы аркушоў

  • Power Point : камэнтары да слайдаў, майстры слайдаў, макеты слайдаў

  • Глябальна: схемы, дыяграмы, малюнкі, аб’екты WordArt

  • Іншыя магчымасьці:

    • Агрэгаваньне тэгаў : калі пазначана, тэгі, паміж якімі няма тэксту, які падлягае перакладу, будуць зьбірацца ў адзіныя тэгі.

    • Захоўваць прабелы для ўсіх тэгаў : калі пазначана, прабелы і пераводы радкоў будуць захоўвацца, нават калі гэта не зададзена ў дакумэньце

Файлы HTML і XHTML

  • Дадаваць ці перапісваць дэклярацыю кадоўкі файлаў HTML і XHTML : часта файлы перакладаў павінны мець кадоўку, адрозную ад кадоўкі зыходнага файла (яўна вызначанай або падразумяванай). Выкарыстоўваючы гэтую вопцыю, перакладчык можа вызначыць, ці мусяць файлы перакладаў уключаць дэклярацыю кадоўкі. Напрыклад, калі ў наладах файлавага фільтра UTF-8 вызначана ў якасьці схемы кадаваньня для файлаў перакладаў, выбар варыянта “Заўсёды” будзе гарантаваць уключэньне гэтай інфармацыі ў файлы перакладаў.

  • Перакладаць наступныя атрыбуты : выбраныя атрыбуты зьявяцца ў выглядзе сэгмэнтаў у вакне рэдагаваньня.

  • Пачынаць новы абзац з : HTML-тэг <br> будзе зьяўляцца як абзац для мэтаў сэгмэнтаваньня.

  • Абмінаць тэкст, які супадае з рэгулярным выразам : тэкст, адпаведны рэгулярнаму выразу, будзе прамінуты. Ён будзе вылучацца чырвоным пры праверцы тэгаў. Адпаведны тэкст у зыходным сэгмэньце будзе вылучаны курсівам.

  • Не перакладаць атрыбут зьмесьціва мэта-тэгаў…: Наступныя мэта-тэгі ня будуць перакладацца.

  • Не перакладаць зьмесьціва атрыбуту мэта-тэгаў з наступным атрыбутам тыпу пара “ключ-значэньне” (падзяляць коскамі): : пры наяўнасьці супадзеньня ў сьпісе пар “ключ-значэньне” зьмесьціва тэгаў будзе ігнаравацца.

    Гэта часам карысна, каб мець магчымасьць зрабіць пэўныя тэгі неперакладальнымі на аснове значэньня атрыбутаў. Напрыклад, <div class="hide"> <span translate="no">. Можна вызначыць пары ключ-значэньне, каб вызначыць тэгі, якія ня трэба перакладаць. Для прыклада вышэй поле мусіць утрымліваць: class=hide, translate=no

  • Сьціскаць прабельныя сымбалі ў дакумэнтах перакладаў : ланцужкі зь некалькіх прабельных сымбаляў у перакладах будуць пераўтварацца ў адзіночныя прабелы.

  • Выдаляць камэнтары HTML у дакумэнтах перакладаў : усе закамэнтаваныя часткі (паміж <!-- і -->) ня будуць капіявацца ў перакладзены дакумэнт.

Файлы фармату Open Document (ODF)

  • Можна выбраць, што з наступных элемэнтаў будзе перакладацца:

    элемэнты індэксаў, закладкі, спасылкі на закладкі, зацемкі, камэнтары, зацемкі да прэзэнтацыяў, гіпэрспасылкі (URL), назвы аркушоў

Дыялёг рэдагаваньня фільтра

Праз гэты дыялёг можна задаць шаблёны імёнаў зыходных файлаў, якія будзе апрацоўваць фільтар, наладзіць імёны файлаў зь перакладамі і выбраць кадоўкі для загрузкі файла і захаваньня ягонага перакладзенага варыянта. Каб зьмяніць шаблён файлавага фільтра, зьмянеце палі наўпрост або націсьнеце “Зьмяніць” . Каб дадаць новы шаблён файлавага фільтра, націсьнеце “Дадаць” . Аднолькавы дыялёг ужываецца, і каб дадаць шаблён, і каб адрэдагаваць канкрэтны шаблён. Дыялёг уключае асобны рэдактар шаблёнаў назваў файлаў, праз які можна задаць назвы выніковых файлаў.

Тып зыходных файлаў, шаблён назваў

Выявіўшы файл у каталёгу з зыходнымі файламі, OmegaT спрабуе падабраць фільтар паводле пашырэньня назвы файла. Дакладней, OmegaT спрабуе супаставіць шаблёны назваў зыходных файлаў кожнага фільтра з назвай файла. Напрыклад, шаблён *.xhtml ужываецца да любога файла з пашырэньнем .xhtml. Калі знойдзены адпаведны фільтар, ён назначаецца файлу для апрацоўкі. Напрыклад, па змаўчаньні фільтар XHTML будзе выкарыстаны для апрацоўкі файлаў з пашырэньнем .xhtml. Для кожнага файлавага фільтра можна дадаць або выдаліць шаблёны назваў файлаў, якія ён будзе апрацоўваць. У шаблёнах назваў зыходных файлаў ужываюцца сымбалі падстаноўкі падобным чынам, як і ў пошуку. Сымбаль “*” прадстаўляе 0 або больш сымбаляў. Сымбаль “?” прадстаўляе роўна адзін сымбаль. Усе астатнія сымбалі азначаюць самі сябе. Напрыклад, калі трэба, каб тэкставы фільтар апрацоўваў файлы тыпу “прачытанка” (readme, read.me і readme.txt), трэба выкарыстоўваць шаблён read*.

Кадоўка зыходных файлаў і файлаў перакладаў

Толькі для абмежаванай колькасьці фарматаў файлаў пэўная кадоўка зьяўляецца вызначанай. Калі для пэўнага фармату файла няма фіксаванай кадоўкі, яе можна вызначыць для адпаведнага пашырэньня назвы файла. Напрыклад, па змаўчаньні файлы тыпу .txt будуць загружацца з ужываньнем кадоўкі па змаўчаньні для апэрацыйнай сыстэмы. Зыходную кадоўку можна задаваць для кожнага шаблёна назваў файлаў. Файлы перакладаў таксама могуць запісвацца ў адвольнай кадоўцы. Па змаўчаньні кадоўка файла перакладу супадае з кадоўкай зыходнага файла. У палёх кадоўкі зыходнага тэксту і перакладу выкарыстоўваюцца выпадныя сьпісы з усімі падтрыманымі кадоўкамі. Калі пазначыць <auto>, OmegaT самастойна вызначыць кадоўку. Як гэта працуе:

  • OmegaT вызначае кадоўку зыходнага файла на падставе дэклярацыі кадоўкі, калі яна наяўная (файлы HTML, файлы на аснове XML).

  • Для шэрагу фарматаў файлаў OmegaT заўсёды ўжывае пэўную кадоўку (уласьцівасьці Java і да г. п.).

  • Для тэкставых файлаў OmegaT ужывае кадоўку апэрацыйнай сыстэмы па змаўчаньні.

Назвы файлаў перакладаў

Часам можа патрабавацца аўтаматычна пераймяноўваць перакладаныя файлы, напрыклад, дадаючы код мовы пасьля назвы файла. Шаблён назваў файлаў перакладаў выкарыстоўвае адмысловы сынтаксыс, і каб адрэдагаваць гэтае поле, трэба націснуць “Зьмяніць…” , каб перайсьці ў акно рэдагаваньня фільтра. Каб вярнуць фільтар да зыходнай канфігурацыі, націсьнеце “Аднавіць змаўчаньні” . Назву таксама можна зьмяніць непасрэдна ў полі шаблёна назваў файлаў перакладаў у дыялёгавым акне файлавых фільтраў. У дыялёгавым акне рэдагаваньня шаблёна назваў файлаў прапануюцца наступныя варыянты:

  • Па змаўчаньні ўжываецца ${filename} — поўная назва зыходнага файла з пашырэньнем, так каб назвы зыходнага і перакладзенага файлаў былі аднолькавымі.

  • ${nameOnly} дазваляе ўстаўляць толькі назву зыходнага файла без пашырэньня;

  • ${extension} — пашырэньне назвы зыходнага файла;

  • ${targetLocale} — код лякалі перакладу (у форме “xx_YY”).

  • ${targetLanguage} — код мовы перакладу і краіны разам (у форме “XX-YY”).

  • ${targetLanguageCode} — толькі код мовы перакладу (”XX”).

  • ${targetCoutryCode} — толькі код краіны (”YY”).

  • ${timestamp-????} — сыстэмная дата/час падчас генэрацыі ў розных фарматах

    Прыклады шаблёнаў “SimpleDateFormat” гл. у дакумэнтацыі Oracle

  • ${system-os-name} — апэрацыйная сыстэма кампутара, якая выкарыстоўваецца

  • ${system-user-name} — імя карыстальніка сыстэмы

  • ${system-host-name} — назва хоста сыстэмы

  • ${file-source-encoding} — кадоўка зыходнага файла

  • ${file-target-encoding} — кадоўка файла перакладу

  • ${targetLocaleLCID} — лякаль перакладу Microsoft

Ёсьць дадатковыя варыянты для зьменных ${nameOnly} і ${Extension}. У выпадку неадназначнасьці назвы файла можна ўжыць зьменныя ў форме ${nameOnly -колькасьць пашырэньняў } і ${extension- колькасьць пашырэньняў} . Калі, напрыклад, зыходны файл называецца Document.xx.docx, вось якія вынікі дадуць наступныя зьменныя:

  • ${nameOnly-0} Document

  • ${nameOnly-1} Document.xx

  • ${nameOnly-2} Document.xx.docx

  • ${extension-0} docx

  • ${extension-1} xx.docx

  • ${extension-2} Document.xx.docx

Наладка сэгмэнтаваньня

Праграмы аўтаматызацыі перакладу працуюць з тэкставымі адзінкамі, г. зв. сэгмэнтамі. OmegaT можа сэгмэнтаваць тэкст двума спосабамі: па абзацах і па сказах (гэта таксама называецца “сэгмэнтаваньне на аснове правілаў”). Каб пераключыць тып сэгмэнтаваньня, выберыце “ПраектУласьцівасьці…“ з галоўнага мэню і пазначце адпаведны пункт або скасуйце пазнаку. Сэгмэнтаваньню па сказах карыснае ў пэўных выпадках, напрыклад калі тэкст патрабуе асаблівага крэатыўнага або стылістычнага падыходу, і перакладчыку можа спатрэбіцца перастаўляць цэлыя сказы: аднак для большасьці праектаў найлепшым выбарам зьяўляецца сэгмэнтаваньне па сказах, бо яно дае найлепшы падбор адпаведнікаў з папярэдніх перакладаў. У выпадку абраньня сэгмэнтаваньня па сказах можна наладзіць правілы праз мэню “НаладыСэгмэнтаваньне…” з галоўнага мэню.

Пэўныя правілы сэгмэнтаваньня ўжо вызначаныя для многіх моваў, і найхутчэй вам не спатрэбіцца пісаць уласныя правілы сэгмэнтаваньня. Зь іншага боку гэтая функцыя можа стаць вельмі карыснай для шэрагу асаблівых выпадкаў, калі наладка правілаў сэгмэнтаваньня ў адпаведнасьці зь перакладаным тэкстам можа істотна падвысіць прадукцыйнасьць працы.

Увага: з-за таго, што сэгмэнтаваньне тэксту зьмяняецца пасьля зьмены наладаў фільтра, можа спатрэбіцца зноў перакласьці значную частку тэксту. Аднак раней перакладзеныя сэгмэнты ў працоўнай памяці перакладаў праекта застануцца ў якасьці састарэлых сэгмэнтаў. Зьмяніўшы налады сэгмэнтаваньня пры адчыненым праекце, абавязкова перазагрузеце праект, каб зьмены сталі дзейснымі.

OmegaT выконвае наступную пасьлядоўнасьць:

Сэгмэнтаваньне на структурным узроўні

OmegaT спачатку робіць сынтаксычны аналіз тэксту ў мэтах сэгмэнтаваньня на структурным узроўні. У гэтым працэсе толькі структура зыходнага файла ўжываецца, каб атрымаць сэгмэнты.

Напрыклад, тэкставыя файлы могуць быць прасэгмэнтаванымі па разрывах радкоў, пустых радкох, або не прасэгмэнтаванымі ўвогуле. Файлы, у якіх утрымліваюцца зьвесткі пра фарматаваньне (дакумэнты ODF, дакумэнты HTML і да г. п.), сэгмэнтуюцца па тэгах узроўню блёкаў (абзацаў). Атрыбуты аб’ектаў, падлягаючыя перакладу, у файлах XHTML або HTML могуць быць выцягнутымі ў асобныя сэгмэнты.

Сэгмэнтаваньне на ўзроўні сказаў

Прасэгмэнтаваўшы зыходны файл у структурныя адзінкі, OmegaT далей прасэгмэнтуе гэтыя блёкі ў сказы.

Правілы сэгмэнтаваньня

Працэс сэгмэнтаваньня можна апісаць наступным чынам: курсор бяжыць па тэксьце, сымбаль за сымбалем. У кожнай пазыцыі курсора ўжываюцца правілы, якія складаюцца з шаблёнаў “Да” і “Пасьля” , у вызначаным парадку, каб пабачыць, ці адпавядае тэкст зьлева ад курсора якому-небудзь шаблёну “Да” , а тэкст справа ад курсора — адпаведнаму шаблёну “Пасьля” . Калі правіла супадае, або курсор рухаецца далей без устаўкі разрыва сэгмэнта (у выпадку правіла выключэньня), або ўстаўляецца новы разрыў сэгмэнта ў бягучай пазыцыі курсора (для правіла разрыва).

Два тыпы правілаў працуюць наступным чынам:

Правіла разрыва

Разьдзяляе зыходны тэкст на сэгмэнты. Напрыклад, урывак “Ці мела гэта сэнс? Я ня ўпэўнены” . трэба разьбіць на два сэгмэнты. Каб гэта адбылося, патрэбнае правіла разрыва для “?”, пасьля якога ідуць прабелы і слова зь вялікай літары. Каб вызначыць правіла як правіла разрыва, трэба паставіць пазнаку “Разрыў/выключэньне”.

Правіла выключэньня

Вызначае, якія часткі тэксту НЯ трэба разьдзяляць. Ня гледзячы на наяўнасьць кропкі, “г. Менск” ня трэба разьбіваць на два сэгмэнты, і таму трэба вызначыць правіла выключэньня для “г” (і для “вул”, “пр” і да г. п.) з кропкай пасьля яго. Каб вызначыць правіла як правіла выключэньня, ня трэба ставіць пазнаку “Разрыў/выключэньне”.

Вызначаныя правілы разрыва павінны быць дастатковымі для большасьці эўрапейскіх моваў і японскай. Дзякуючы гнуткасьці, можна вызначыць болей правілаў выключэньняў для пэўнай мовы, каб сэгмэнты былі больш адпаведнымі мове і пасьлядоўнымі.

Прыярытэт правілаў

Усе наборы правілаў сэгмэнтаваньня для адпаведнай мовы зьяўляюцца актыўнымі і ўжываюцца ў вызначаным парадку прыярытэту, г. зн., правілы для пэўнай мовы маюць прыярытэт над правіламі па змаўчаньні. Напрыклад, правілы для канадзкай францускай (FR-CA) будуць вышэйшымі за правілы для францускай (FR.*) і вышэйшымі за правілы па змаўчаньні (.*). І падчас перакладу з канадзкай францускай правілы для яе — пры іх наяўнасьці — будуць ужывацца спачатку, затым — правілы для францускай, а пасьля — правілы па змаўчаньні.

Стварэньне новага правіла

Звычайна варта пазьбягаць значных зьменаў у правілах сэгмэнтаваньня, асабліва калі ўжо зроблены чарнавік перакладу, але невялікія зьмены, напрыклад, даданьне пазнанага скароту, можа мець сэнс.

Каб адрэдагаваць або пашырыць існы набор правілаў, проста клікнеце па ім уверсе табліцы. Правілы для гэтага набору зьявяцца ў ніжняй частцы табліцы.

Каб стварыць пусты набор правілаў для шаблёна новай мовы, клікнеце “Дадаць” у верхняй частцы дыялёгавага вакна. Унізе верхняй табліцы зьявіцца пусты радок (можа спатрэбіцца прагартаць уніз, каб яго пабачыць). Зьмянеце назву набору правілаў і шаблён мовы для адпаведнай мовы і ейны код. Сынтаксыс шаблёна мовы адпавядае сынтаксысу рэгулярных выразаў. Калі вы задаяце набор правілаў для камбінацыі мова-краіна, раім пасунуць яго ўгару кнопкай “Уверх” .

Дадайце шаблёны “Шаблён да” і “Шаблён пасьля” . Каб спраўдзіць іхні сынтаксыс і прыдатнасьць, пажадана ўжываць інструмэнты, якія непасрэдна дазваляюць пабачыць іхні эфэкт. Гл. болей у разьдзеле “Рэгулярныя выразы”. Заўсёды добра пачынаць з разгляду існых правілаў.

Некалькі простых прыкладаў

Што трэба Шаблён да Шаблён пасьля Зацемка
Каб сэгмэнт пачынаўся пасьля кропкі (“.”), за якой стаіць прабел, сымбаль табуляцыі… \. \s “\.” азначае кропку. “\s” азначае які заўгодна прабельны сымбаль (прабел, табуляцыя, новая старонка і да г. п.).
Каб не было новага сэгмэнта пасьля скарота “Mr.” Mr\. \s Гэта — правіла выключэньня, і таму ня трэба рабіць пазнаку “Разрыў/выключэньне”.
Каб сэгмэнт пачынаўся пасьля “。” (японская кропка)   Заўважце, што “Шаблён пасьля” пусты
Каб не было новага сэгмэнта пасьля скаротаў “M.”, “Mr.”, “Mrs.” і “Ms.” Mr??s??\. \s Правіла выключэньня — гл. ужываньне “?” у рэгулярных выразах

Аўтазавяршэньне

Клікнеце па пункце Глясар…, каб наладзіць аўтазавяршэньне для ўкладкі глясара.

Клікнеце па пункце Аўтатэкст, каб наладзіць парамэтры аўтатэксту, а таксама дадаць або выдаліць элемэнты.

Клікнеце па пункце Табліца сымбаляў…, каб наладзіць табліцу сымбаляў для аўтазавяршэньня.

Аўтазавяршэньне выклікаецца для бягучага сэгмэнта перакладу праз Ctrl+Прабел .

Калі пазначана Аўтаматычна паказваць адпаведныя прапановы , мэню аўтазавяршэньня зьяўляецца аўтаматычна пасьля набору першай літары запіса глясара або сымбаля “<” у выпадку тэгаў.

Сродак праверкі правапісу

OmegaT мае ўбудаваную праверку правапісу на аснове модуля, які ўжываецца ў такіх праграмах як Apache OpenOffice, LibreOffice, Firefox і Thunderbird. Гэта дае магчымасьць скарыстацца зь вялікай колькасьці слоўнікаў, даступных для гэтых праграмаў.

Плагін LanguageTool

Тып сэрвісу

Выберыце месцазнаходжаньне сродка праверкі граматыкі.

Калі на вашым кампутары ёсьць іншы сродак праверкі граматыкі акрамя таго, што ёсьць у OmegaT, вы можаце на свой выбар наладзіць правілы праверкі.

Правілы

Уключайце і адключайце правілы ў залежнасьці ад іхняй рэлевантнасьці для тыпу перакладанага тэксту.

Пошук па-за праектам

Дазволіць каманды адмыслова для праекта

Па змаўчаньні OmegaT не выконвае каманды, зададзеныя ў парамэтрах праекта (файл finder.xml у каталёгу omegat), таму што яны могуць сур'ёзна паўплываць на бясьпеку сыстэмы.

Уключайце гэтую вопцыю толькі калі разумееце, што робіце, і толькі для праектаў з надзейных крыніцаў.

Прыярытэт кантэкстнага мэню:

Дазваляе зьмяняць парадак камандаў у кантэкстным мэню (правая кнопка мышкі). Каманды са значэньнямі каля 100 паказваюцца ўверсе, са значэньнямі каля 900 — унізе.

Каб зьмены запрацавалі, спатрэбіцца перазапуск OmegaT.

Акно рэдагаваньня

Зыходны тэкст

Можна задаць аўтаматычную ўстаўку зыходнага тэксту ў полі рэдагаваньня. Гэта карысна для тэкстаў, якія зьмяшчаюць шмат гандлёвых марак або ўласныя імёны, якія нельга зьмяняць.

Пакінуць сэгмэнт пустым

OmegaT пакідае поле рэдагаваньня пустым. Гэты варыянт дазваляе ўводзіць пераклад без неабходнасьці папярэдне выдаляць зыходны тэкст, і такім чынам ня трэба націскаць адпаведныя клявішы ( Ctrl + A і Del). Цяпер дапускаюцца пустыя пераклады. Яны адлюстроўваюцца ў выглядзе <EMPTY> у вакне рэдагаваньня. Каб стварыць пусты пераклад, клікнеце правай кнопкай у сэгмэньце, і абярэце “ Задаць пусты пераклад ”. Элемэнт “ Выдаліць пераклад ” ў тым самым выплыўным мэню таксама дазваляе выдаліць існы пераклад бягучага сэгмэнта. Зрабіць тое самае можна, ачысьціўшы поле перакладу сэгмэнта і націснуўшы Enter.

Уставіць найлепшае супадзеньне

OmegaT устаўляе ў якасьці перакладу радок, найбліжэйшы да бягучай крыніцы, калі перавышаны парог падабенства, які вы выбралі ў гэтым дыялёгу. Каб пазначаць пераклады, атрыманыя з дапамогай недакладных супадзеньняў, можа ўжывацца прэфікс (па змаўчаньні — пусты). Дадаючы прэфікс (напрыклад, [недакладнае]), можна далей адсочваць падобныя пераклады, каб правяраць іх правільнасьць.

Сьцяжкі ў ніжняй частцы дыялёгавага вакна маюць наступныя прызначэньні:

Спрабаваць пераўтварыць лікі пры ўстаўцы недакладнага супадзеньня

Калі гэтая опцыя пазначаная, пры ўстаўцы недакладнага супадзеньня ўручную або аўтаматычна OmegaT паспрабуе пераўтварыць лікі ў недакладных супадзеньнях у адпаведнасьці са зьместам зыходнага тэксту. Ёсьць пэўныя абмежаваньні:

  • Зыходны тэкст сэгмэнта і недакладныя супадзеньні павінны ўтрымліваць аднолькавы сьпіс лікаў

  • Лікі павінны быць абсалютна аднолькавымі ў зыходным тэксьце і ў тэкстах перакладаў у супадзеньнях.

  • Улічваюцца толькі цэлыя лікі і дзесятковыя дробы (разьдзяляльнікам цэлай і дробнай часткі павінна быць кропка, напрыклад, 5.4, але не 5,4 або 54E-01).

Дазволіць супадзеньне крыніцы і перакладу

Дакумэнты да перакладу могуць утрымліваць гандлёвыя маркі, назвы, імёны і да г. п., якія застаюцца нязьменнымі ў перакладзеных дакумэнтах. Магчымыя два варыянты апрацоўкі сэгмэнтаў, якія ўтрымліваюць толькі такі нязьменны тэкст.

Можна прыняць рашэньне ўвогуле не перакладаць падобныя сэгмэнты. OmegaT будзе пазначаць гэтыя сэгмэнты неперакладзенымі. Гэта — па змаўчаньні. У якасьці альтэрнатывы можна ўвесьці пераклад, ідэнтычны зыходнаму тэксту. OmegaT можа прызнаць, што вы зрабілі гэта. Каб гэта стала магчымым, выбірайце гэтую вопцыю.

Экспарт сэгмэнта ў тэкставыя файлы

Функцыя экспарту тэксту забясьпечвае магчымасьць экспарту даніх зь бягучага праекта OmegaT у тэкставыя файлы. Данія экспартуюцца пры адкрыцьці сэгмэнта. Файлы зьяўляюцца ў падкаталёгу /script каталёга карыстальніцкіх даніх OmegaT і ўтрымліваюць наступнае:

  • Зьмест тэксту зыходнага сэгмэнта (source.txt).

  • Зьмест тэксту перакладу сэгмэнта (target.txt).

  • Тэкст, вылучаны карыстальнікам, пры націсканьні Ctrl + Shift + C або выбары праз мэню Праўка → Экспартаваць вылучанае (selection.txt).

Зьмест файлаў перапісваецца, калі адчыняецца новы сэгмэнт (source.txt і target.txt) або калі экспартуецца новае вылучэньне (selection.txt). Фармат файлаў — нефарматаваны тэкст. Кіраваньне і кантроль за працэсам можна ажыцьцяўляць праз сцэнары на Tck/Tcl. Дадатковыя дэталі, прыклады і прапановы гл. у разьдзеле Выкарыстаньне функцыі экспарту тэксту ў OmegaT.

Пераход да наступнага неперакладзенага сэгмэнта спыняецца, калі ёсьць прынамсі адзін альтэрнатыўны пераклад

Калі пажадана пазьбегнуць няправільных перакладаў для сэгмэнтаў з множнымі перакладамі, варта пазначыць гэты сьцяжок, і тады пры выбары “Перайсьці да наступнага неперакладзенага сэгмэнта” будзе зроблены прыпынак на наступным падобны сэгмэньце, незалежна ад таго, перакладзены ён або не.

Дазваляць рэдагаваньне тэгаў

Здымеце гэты сьцяжок, каб пазьбегнуць пашкоджаньня тэгаў (гэта значыць, частковага выдаленьня) падчас рэдагаваньня. У гэты выпадку застаецца магчымым выдаленьне тэгаў цалкам, для гэтага можна націснуць Ctrl + Backspace/Delete або вылучыць увесь тэг (Ctrl + Shift+←/→), затым выдаліць яго (Delete або Ctrl + X).

Праверка тэгаў пры выхадзе з сэгмэнта

Пазначце гэты сьцяжок, каб атрымліваць папярэджаньні аб адрозьненьнях у тэгах у зыходным тэксьце і перакладзе сэгмэнта кожны раз, калі пакідаеце сэгмэнт.

Захоўваць стан аўтаматычна запоўненых

Пазначце гэты сьцяжок, каб запісваць у project_save.tmx зьвесткі пра тое, што сэгмэнт быў аўтаматычна запоўнены, каб вылучаць яго пэўным колерам у вакне рэдагаваньня (калі ў мэню “Выгляд” пазначана “Пазначаць аўтаматычна запоўненыя сэгмэнты”).

Спачатку загружаць столькі сэгмэнтаў

Па змаўчаньні ў вакне рэдагаваньня паказваюцца 2000 сэгмэнтаў, астатнія падгружаюцца па меры пераходу ўверх або ўніз. Калі ваш кампутар дастаткова магутны або вам не падабаецца, як працуе прагортка, гэты лік можна павялічыць.

Апрацоўка тэгаў

Пры перакладзе файлаў, датычных праграмнага забесьпячэньня: можна наладзіць парамэтры праверкі тэгаў так, каб таксама правяраць праграмныя зьменныя (%…) і сымбалі запаўненьня ({0}), калі гэта ўжо не рэалізаванае ў адпаведным файлавым фільтры. У фільтры PO ужо ёсьць апрацоўка %.. а ў фільтры файлаў рэсурсаў Java™ ужо ёсьць апрацоўка тэгаў {#}, таму гэтая опцыя патрэбная для іншых тыпаў файлаў.

Тут таксама можна вызначыць розныя парамэтры праверкі тэгаў і карыстальніцкія тэгі.

Напрыклад, калі ўвесьці \d+ у поле “Рэгулярныя выразы для карыстальніцкіх тэгаў”, усе лікі будуць рахавацца да тэгаў, што дазваляе правяраць, ці зьмяніліся лікі ў перакладзе праз памылку.

Аналягічна можна ўвесьці <.*?> , каб забясьпечыць нязьменнасьць HTML-тэгаў (напрыклад) у перакладзе.

Заўвага: гэтыя дзьве каманды можна аб’яднаць наступным чынам: (<.*?>)|(\d+) .

Каманда

Калі тут увесьці сваё імя, ім будуць пазначацца ўсе сэгмэнты, перакладзеныя вамі.

Уліковыя данія рэпазыторыя

Пералік праектаў, для якіх данія для ўваходу захоўваюцца ў OmegaT. Выдалеце праект з гэтага сьпісу, калі трэба, каб OmegaT запытвала імя і пароль пры кожнай загрузцы праекта.

Супадзеньні з памяці перакладаў

Крытэр сартаваньня недакладных супадзеньняў:

Па змаўчаньні набліжэйшыя супадзеньні ў панэлі недакладных супадзеньняў вызначаюцца з улікам марфалёгіі.

Каб бачыць найперш больш літаральныя супадзеньні, выбірайце варыянт “Поўны тэкст, уключаючы тэгі і лікі”.

Паказ тэгаў у TMX-файлах, зробленых не ў OmegaT.

Дазваляе карыстальніку вырашыць, як апрацоўваць тэгі ў TMX-файлах староньніх праграмаў (г. зн., створаных не ў OmegaT).

Шаблён адпаведнікаў для паказу

Тут можна зьмяніць спосаб паказу недакладных супадзеньняў праз ужываньне вызначаных зьменных:

Table 1. Наладка панэлі недакладных супадзеньняў
${id} Колькасьць супадзеньняў ад 1 да 5
${sourceText} Зыходны тэкст супадзеньня
${targetText} Тэкст перакладу супадзеньня
${diff} Радок, якая паказвае адрозьненьні паміж крыніцай і супадзеньнем. Падказка: ужывайце гэтую функцыю, калі тэкст, які перакладаеце, быў абноўленым.
${diffReversed} Тое, што і ${diff}, але з інвэрсіяй адрозьненьняў (што трэба ўставіць, а што — выдаліць).
${score} Працэнт, падрахаваны з опцыяй “Карані, бяз тэгаў і бязь лікаў”.
${noStemScore} Працэнт, падрахаваны з опцыяй “Бяз тэгаў і бязь лікаў”.
${adjustedScore} Працэнт, падрахаваны з опцыяй “Поўны тэкст, уключаючы тэгі і лікі”.
${fuzzyFlag} Паказвае, што гэтае супадзеньне — недакладнае (цяпер толькі для перакладаў з файлаў PO ставіцца пазнака #fuzzy)

Выгляд

Утрымлівае парамэтры паказу тэкстаў і зьвестак пра зьмены рознымі спосабамі.

Адзначаць першы неўнікальны сэгмэнт, калі адзначаюцца неўнікальныя сэгмэнты

Калі пазначана, усе неўнікальныя сэгмэнты (паўторы) вылучаюцца бледна-шэрым колерам. Калі не пазначана, усе неўнікальныя сэгмэнты вылучаюцца бледна-шэрым колерам за выключэньнем першага.

Захаваньне і вывад

Дазваляе карыстальніку выбраць інтэрвал — у хвілінах і сэкундах — паміж пасьлядоўным аўтаматычным захаваньнем праекта.

Зьмяненьне інтэрвала па змаўчаньні (3 хвіліны) у залежнасьці ад характарыстыкаў праекта:

  • кароткія інтэрвалы (мінімум: 10 сэкундаў) для сынхранізаваных праектаў на ўнутраным сэрвэры.

  • доўгія інтэрвалы для камандных праектаў на зьнешніх сэрвэрах.

Зьнешняя каманда канчатковай апрацоўкі

Вызначэньне камандаў, што выконваюцца пасьля каманды кампіляцыі перакладу.

Прыклад ужываньня гэтай функцыі: аўтаматычная адпраўка файлаў перакладаў на FTP-сэрвэр кліента.

Таксама дазваляць зьнешнія каманды для асобных праектаў

Па змаўчаньні OmegaT не выконвае каманды, зададзеныя ў парамэтрах праекта (каталёг omegat), таму што яны могуць сур'ёзна паўплываць на бясьпеку сыстэмы.

Уключайце гэтую вопцыю толькі калі разумееце, што робіце, і толькі для праектаў з надзейных крыніцаў.

Злучэньне з проксі-сэрвэрам

Калі для OmegaT патрабуецца Інтэрнэт-злучэньне праз проксі-сэрвэр, тут можна ўвесьці зьвесткі, якія паведаміць адміністратар проксі-сэрвэра.

Бясьпечнае захоўваньне

Тут можна задаць галоўны пароль для абароны зьвестак і ключоў для доступу да сэрвісаў машыннага перакладу. Памятайце, што пры прызначэньні новага пароля гэтыя зьвесткі будуць выдаленыя, і потым спатрэбіцца іх задаць паўторна.

Плагіны

Доступ да даступных плагінаў. Плагіны знаходзяцца ў каталёгу /plugins у каталёгу ўсталёўкі OmegaT або ў каталёгу наладаў карыстальніка OmegaT (залежыць ад канкрэтнай плятформы).

Абнаўленьні

Аўтаматычныя паведамленьні аб наяўнасьці абнаўленьняў OmegaT.