OmegaT 4.2 — Дапаможнік карыстальніка

Дапаможнікі…

Стварыць камандны праект

Арганізацыя каманднага праекта патрабуе пэўнага досьведу працы з сэрвэрамі і сыстэмамі кіраваньня вэрсіямі SVN або Git. Такім чынам, гэта павінна ажыцьцяўляцца мэнэджарам праекта, кіраўніком праекта або інжынерам у лякалізацыі.

Паколькі зьвесткі аб SVN і Git можна лёгка знайсьці, тут мы не будзем апісваць, як яны працуюць, але толькі тое, як зь імі працуе OmegaT.

Этап 1. Стварэньне пустога праекта на сэрвэры

Стварэньне пустога праекта на сэрвэры

  1. Стварыць рэпазыторый SVN або Git на сэрвэры, які будзе даступным перакладчыкам.

  2. Стварыць лякальную копію рэпазыторыя (каманда check out у SVN, clone у Git).

  3. Стварыць новы пусты праект OmegaT у лякальным рэпазыторыі. Гэта можна зрабіць адным з двух спосабаў:

    • ПраектСтварыць праект…

    • у камандным радку: java -jar OmegaT.jar team init [lang1] [lang2]

  4. Дадаць новы праект OmegaT у сыстэму кіраваньня вэрсіямі (каманда add у SVN і Git)

    Заўвага: калі праект быў створаны праз камандны радок на этапе 3, гэта ўжо зроблена праграмай.

  5. Апублікаваць новы праект OmegaT на сэрвэры (каманда commit у SVN, commit і потым push у Git).

Адмысловыя парамэтры

Калі ў праекце ўжываюцца адмысловыя парамэтры фільтраў і сэгмэнтаваньня, абавязкова трэба дадаць у сыстэму кіраваньня вэрсіямі і апублікаваць на сэрвэры файлы filters.xml і segmentation.conf.

Этап 2. Дадаць файлы да перакладу і іншыя рэсурсы

Ужывайце кліент SVN ці Git, каб дадаць файлы да перакладу.

Гэта таксама можна зрабіць у OmegaT:

  1. скапіяваць файлы ў каталёг /source

  2. ужыць каманду мэню ПраектФіксацыя зыходных файлаў

Каб дадаць іншыя рэсурсы (слоўнікі, памяць перакладаў, глясары), карыстайцеся кліентам SVN ці Git.

Каб выдаляць файлы , карыстайцеся кліентам SVN ці Git.

Памятайце, што ёсьць толькі два файлы, якія OmegaT зьмяняе пры перакладзе:

  • omegat/project_save.tmx

  • glossary/glossary.txt

Усе астатнія файлы — у рэжыме «толькі чытаньне». Калі перакладчык паспрабуе зьмяніць іх, яны вернуцца ў зыходны стан кожны раз, калі праект будзе адчынены, зачынены, захаваны або перазагружаны.

Этап 3. Адправіць запрашэньне перакладчыку

Калі праект створаны на сэрвэры, кіраўнік праекта можа запрасіць перакладчыка да працы над ім адным з наступных спосабаў:

  • адправіць URL-адрас праекта, каб перакладчык стварыў лякальную копію праз мэню ПраектСпампаваць камандны праект.

  • адправіць файл omegat.project, які зьмяшчае URL-адрас праекта, каб перакладчык скапіяваў яго ў адпаведную дырэкторыю і адчыніў у OmegaT.

    URL-спасылка пазначаецца наступным чынам (у гэтым прыкладзе — для рэпазыторыя Git):

    <repositories>
     <repository type="git" url="https://рэпазыторый_праекта_OmegaT.git">
      <mapping local="" repository=""/>
     </repository>
    </repositories>

У абодвух выпадках кіраўнік праекта павінен адправіць перакладчыку ідэнтыфікатар і пароль для доступу да рэпазыторыя.

Праверка статыстычных даніх

Кіраўнік праекта павінен разам з перакладчыкам праверыць ідэнтычнасьць статыстычных даніх на абодвух баках (на сэрвэры і ў перакладчыка).

У выпадку разыходжаньняў трэба праверыць, ці ўключаныя ў сыстэму кіраваньня вэрсіямі файлы filters.xml і segmentation.conf.

Асаблівы выпадак: мінімальнае абагульваньне

Пазначаны працэс — для звычайных выпадкаў, калі кіраўнік праекта хоча мець поўны кантроль над праектам, а файлы (і статыстычныя данія) ідэнтычныя на абодвух баках (на сэрвэры і ў перакладчыка).

Камандныя праекты OmegaT могуць быць арганізаваныя і іншым спосабам, калі некалькі перакладчыкаў маюць сумесны доступ да файла project_save.tmx, але не да (усіх) (зыходных) файлаў.

У такім выпадку працэдура тая самая, але кіраўнік праекта не дадае (усе) файлы ў праект з кіраваньнем вэрсіямі. Замест гэтага перакладчыкі самастойна капіююць файлы або вызначаюць адпаведнасьці для сынхранізацыі файлаў з іншымі сховішчамі.

Вызначэньне адпаведнасьцяў робіцца шляхам рэдагаваньня файла omegat.project або праз графічны інтэрфэйс: ПраектУласьцівасьціВызначэньне адпаведнасьці рэпазыторыяў

Парамэтры вызначэньня адпаведнасьці

repository type (тып рэпазыторыя)

Гэта можа быць http (у тым ліку https), svn, git або file.

repository url (url-адрас рэпазыторыя:)

Аддаленае месцазнаходжаньне або каталёг файлаў да перакладу.

mapping local (лякальнае вызначэньне адпаведнасьці)

Назва лякальнага каталёга або файла адносна кораня праекта OmegaT.

mapping repository (вызначэньне адпаведнасьці ў рэпазыторыі)

Назва аддаленага каталёга або файла адносна URL-адраса рэпазыторыя.

excludes (выключае)

Дадаць шаблёны са знакамі падстаноўкі (у стылі Apache Ant): *, ?, **. Калі трэба некалькі шаблёнаў, адасобліваць іх кропкай з коскай.

Прыклад: **/excludedfolder/**;*.txt выключае файлы з /excludedfolder/ у шляху і файлы з пашырэньнем назвы .txt.

includes (уключае)

Гл. вышэй.

Прыклад: **/*.docx , каб дадаць усе файлы .docx у межах праекта, нават з каталёгаў, якія выключаныя.

Па змаўчаньні ўключаюцца ўсе файлы, якія не выключаныя. Гэты парамэтар ужываецца толькі ў выпадку, калі трэба перавызначыць выключэньні.

Прыклады вызначэньняў адпаведнасьці

Вызначэньне адпаведнасьцяў для праекта па змаўчаньні:

<repositories>
 <repository type="svn" url="https://рэпазыторый_каманднага_праекта_OmegaT">
  <mapping local="" repository=""/>
 </repository>
</repositories>

Усё зьмесьціва з https://рэпазыторый_каманднага_праекта_OmegaT супастаўляецца з лякальным праектам OmegaT.

Вызначэньне адпаведнасьцяў для праектаў у падкаталёгу рэпазыторыя:

<repositories>
 <repository type="svn" url="https://рэпазыторый_усіх_камандных_праектаў_OmegaT">
  <mapping local="" repository="En-US_DE_project"/>
 </repository>
</repositories>

Усё зьмесьціва з https://рэпазыторый_усіх_камандных_праектаў_OmegaT/En-US_DE_project супастаўляецца з лякальным праектам OmegaT.

Вызначэньне адпаведнасьцяў для дадатковых зыходных файлаў з аддаленага рэпазыторыя з фільтрамі:

<repositories>
 <repository type="svn" url="https://рэпазыторый_усіх_зыходных_файлаў_камандных_праектаў_OmegaT">
  <mapping local="source/subdir" repository="">
   <excludes>**/*.bak</excludes>
   <includes>readme.bak</includes>
  </mapping>
 </repository>
</repositories>

Усё зьмесьціва з https://рэпазыторый_усіх_зыходных_файлаў_камандных_праектаў_OmegaT супастаўляецца з лякальным каталёгам зыходных файлаў праекта OmegaT.

Вызначэньне адпаведнасьцяў для дадатковых зыходных файлаў з Інтэрнэта: <repository type="http" url="https://github.com/omegat-org/omegat/raw/master/">
 <mapping local="source/Bundle.properties" repository="src/org/omegat/Bundle.properties"/>
</repository>

Аддалены файл https://github.com/omegat-org/omegat/raw/master/src/org/omegat/Bundle.properties супастаўляецца з лякальным файлам source/Bundle.properties.

Вызначэньне адпаведнасьцяў зь перайменаваньнем:

<repository type="http" url="https://github.com/omegat-org/omegat/raw/master/">
 <mapping local="source/readme_tr.txt" repository="release/readme.txt"/>
</repository>

Аддалены файл https://github.com/omegat-org/omegat/raw/master/release/readme.txt супастаўляецца з лякальным файлам source/readme_tr.txt.

Гэта забясьпечвае магчымасьць перайменаваньня файла да перакладу.

Вызначэньне адпаведнасьцяў для лякальных файлаў:

<repository type="file" url="/home/me/myfiles">
 <mapping local="source/file.txt" repository="my/file.txt"/>
 <mapping local="source/file2.txt" repository="some/file.txt"/>
</repository>

Лякальны файл /home/me/myfiles/my/file.txt супастаўляецца зь лякальным файлам source/file.txt, а /home/me/myfiles/some/file.txt супастаўляецца з source/file2.txt.

Папярэджаньне: калі файл не існуе, праект не загрузіцца.

Можна дадаць колькі заўгодна вызначэньняў адпаведнасьцяў, але толькі ў кантэксьце каманднага праекта, г. з., праекта з вызначэньнямі адпаведнасьцяў, уключанымі ў файл omegat.project. Гэтая функцыя прызначаная для збору зыходных файлаў у адзін праект, але не абмежаваная толькі зыходнымі файламі.

Заўвага аб файле omegat.project і вызначэньнях адпаведнасьцяў

Пры стварэньні новага праекта і фіксацыі ў рэпазыторыі файл omegat.project не ўтрымлівае вызначэньняў. Пры спампаваньні праекта ён лякальна пераўтвараецца ў камандны праект з даданьнем вызначэньняў па змаўчаньні.

Заўважце, што аўтаматычныя зьмены не адбываюцца ў файле omegat.project у рэпазыторыі, ён і надалей ня ўтрымлівае вызначэньняў адпаведнасьцяў. Пры загрузцы праекта ўсе зьмены ў рэпазыторыі капіююцца ў лякальны праект, уключна з файлам omegat.project з парамэтрамі праекта. Калі файл ня ўтрымлівае вызначэньняў адпаведнасьцяў, зноў ужываюцца існыя лякальныя вызначэньні, і толькі яны. Усе іншыя лякальныя зьмены ў праекце адрынаюцца. Калі ж файл утрымлівае вызначэньні, лякальныя зьмены ў вызначэньнях губляюцца.

Ужываньне камандных праектаў

Камандныя праекты OmegaT спачатку трэба арганізаваць на сэрвэры.

Пры першым ужываньні каманднага праекта выконвайце інструкцыі ад кіраўніка праекта.

Пасьля таго, як праект адчынены, пераклад робіцца дакладна так, як і для некаманднага праекта, за выключэньнем наступнага.

Аўтаматычнае захаваньне

Кожныя 3 хвіліны (па змаўчаньні) лякальны праект сынхранізуецца з аддаленым рэпазыторыем, каб кіраўнік праекта і іншыя перакладчыкі маглі бачыць і выкарыстоўваць зробленыя за гэты час пераклады.

Інтэрвал у 3 хвіліны можна зьмяніць праз НаладыНаладыЗахаваньне і вывад .

Файлы, якія сынхранізуюцца

Пры аўтаматычным захаваньні, адкрыцьці, закрыцьці і перазагрузцы праекта фактычна сынхранізуюцца толькі два файлы:

  • omegat/project_save.tmx

  • glossary/glossary.txt

Усе астатнія файлы замяняюцца файламі з аддаленага рэпазыторыя.

Даданьне новых зыходных файлаў

Каб дадаць новы зыходны файл:

  1. скапіяваць файлы ў каталёг /source

  2. ужыць каманду мэню ПраектФіксацыя зыходных файлаў

Можна зьмяніць існыя зыходныя файлы, але тады трэба зафіксаваць іх да аўтаматычнага захаваньня і да перазагрузкі або закрыцьця праекта.

Выдаленьне зыходных файлаў

Файлы спачатку павінны быць выдаленыя кіраўніком праекта.

Зьмяненьне правілаў сэгмэнтаваньня або файлавых фільтраў

Парамэтры праекта зьмяняе кіраўнік праекта.

Праца ў аўтаномным рэжыме

Камандны праект можна адчыніць для перакладу ў аўтаномным рэжыме. Усе зьмены будуць сынхранізаваныя пры наступным злучэньні.

Для працы ў аўтаномным рэжыме:

  • Адлучэцеся ад сеткі перад адкрыцьцём праекта,

  • аб адчынеце праект праз камандны радок з парамэтрам --no-team .

Паўторнае выкарыстаньне файлаў памяці перакладаў

Першапачаткова, пры стварэньні праекта, галоўная памяць перакладаў праекта, project_save.tmx пустая. Гэтая памяць паступова запаўняецца падчас перакладу. Каб паскорыць гэты працэс, можна паўторна выкарыстаць існыя пераклады. Калі пэўны сказ ужо перакладзены аднойчы і перакладзены правільна, няма неабходнасьці перакладаць яго зноў. Файлы памяці перакладаў могуць таксама ўтрымліваць даведачныя пераклады: шматнацыянальнае заканадаўства, тыповым прыкладам якога зьяўляецца права Эўрапейскага зьвязу.

Пры стварэньні дакумэнтаў перакладаў у праекце OmegaT памяць праекта праекта выводзіцца ў выглядзе трох файлаў у каранёвым каталёгу праекта OmegaT праекта (гл. апісаньне вышэй). Гэтыя тры файлы TMX (-omegat.tmx, -level1.tmx і -level2.tmx) як “экспартаваную памяць перакладаў”, г. зн. як экспарт зьмесьціва бягучага праекта ў двухмоўнай форме.

Калі вы хочаце паўторна выкарыстоўваць памяць перакладаў з папярэдняга праекта (напрыклад, таму што новы праект падобны на папярэдні ці выкарыстоўвае тэрміналёгію, якая, магчыма, была выкарыстанай раней), вы можаце выкарыстоўваць гэтыя файлы памяці перакладаў як “уваходную памяць перакладаў”, гэта значыць, для імпарту ў свой новы праект. У такім выпадку трэба зьмясьціць файлы памяці перакладаў, якія вы хочаце выкарыстоўваць, у каталёг /tm або /tm/auto новага праекта: у першым выпадку супадзеньні з гэтых файлаў будуць паказаныя як недакладныя супадзеньні ў акне супадзеньняў, а ў другі выпадку — будуць выкарыстоўвацца для папярэдняга перакладу зыходнага тэксту.

Па змаўчаньні каталёг /tm знаходзіцца ніжэй каранёвага каталёга праекта (напрыклад, … /MojPrajekt/tm ), але па жаданьні можна выбраць іншы каталёг праз дыялёг уласьцівасьцяў праекта. Гэта карысна, калі вы часта выкарыстоўваеце файлы памяці перакладаў, атрыманыя ў мінулым, напрыклад, таму што яны маюць аднолькавую тэму або зробленыя для таго ж самага заказчыка. У гэтым выпадку карысная працэдура можа быць наступнай:

  • Стварыць каталёг (“каталёг-сховішча”) у зручным месцы на цьвёрдым дыску для файлаў памяці перакладаў для канкрэтнага кліента або тэмы.

  • Пасьля завяршэньня кожнага праекта капіяваць адзін з трох варыянтаў “экспартаваных” файлаў памяці перакладаў з каранёвага каталёга праекта ў каталёг-сховішча.

  • Пачынаючы новы праект па той самай тэме або для таго самага кліента, выбіраць гэты каталёг-сховішча як каталёг файлаў памяці перакладаў праз дыялёг Праект → Уласьцівасьці → Праўка праекта.

Памятайце, што ўсе файлы TMX у сховішчы /tm аналізуюцца пры адкрыцьці праекта, таму разьмяшчэньне ўсіх розных файлаў памяці перакладаў у гэтым каталёгу можа значна запаволіць працу OmegaT. Можна, скажам. выдаліць тыя, якія больш не патрэбныя, калі іх зьмесьціва ўжытае для напаўненьня файла project_save.tmx.

Імпарт і экспарт файлаў памяці перакладаў

OmegaT падтрымлівае імпарт файлаў TMX вэрсіі 1.1-1.4b (узровень 1 і ўзровень 2). Гэта дазваляе OmegaT чытаць файлы памяці перакладаў, атрыманыя з дапамогай іншых інструментаў. Аднак OmegaT не падтрымлівае цалкам імпарт файлаў TMX узроўню 2 (тых, якія зьмяшчаюць ня толькі пераклад, але і фарматаваньне). Файлы TMX узроўню 2 імпартуюцца, а іхняе тэкставае зьмесьціва можна ўбачыць у OmegaT, але якасьць падбору недакладных супадзеньняў будзе некалькі ніжэйшай.

OmegaT выконвае вельмі строгія працэдуры пры загрузцы файлаў памяці перакладаў (TMX). Калі выяўленая памылка ў такім файле, OmegaT пакажа пазыцыю ў межах збойнага файла, у якой знаходзіцца памылка.

Некаторыя праграмы вырабляюць некарэктныя файлы TMX пры пэўных умовах. Калі вы жадаеце выкарыстоўваць падобныя файлы ў якасьці апорных перакладаў у OmegaT, іх трэба адрапараваць, бо інакш OmegaT паведаміць пра памылку і ня будзе іх загружаць. Выпраўленьні — гэта трывіяльныя апэрацыі, і OmegaT дапамагае ў выпраўленьні памылак праз адпаведныя паведамленьні. У выпадку праблемаў можна зьвярнуцца па дапамогу ў групу карыстальнікаў.

OmegaT экспартуе файлы TMX вэрсіі 1.4 (узровень 1 і ўзровень 2). Экспарт у файлы ўзроўню 2 ня цалкам адпавядае стандарту ўзроўню 2, але дастаткова блізкі, каб у праграмах, якія падтрымліваюць TMX узровень 2, падбіраліся правільныя супадзеньні. Калі патрабуецца толькі тэкставая інфармацыя (а не інфармацыя аб фарматаваньні), выкарыстоўвайце файл узроўню 1, створаны ў OmegaT.

Стварэньне памяці перакладаў для выбраных дакумэнтаў

У выпадку, калі перакладчыкам трэба падзяліцца базамі ў TMX, але не ўключаць пэўныя часткі, або ўключаць толькі пераклады пэўных файлаў, аб прадстаўленьні ўсяго файла NazvaPrajekta-omegat.tmx ня можа быць гаворкі. Наступны рэцэпт — толькі адна з магчымасьцяў, але ён дастаткова просты і безь якой-небудзь небясьпекі для даніх.

  • Стварыць праект, асобна для іншых праектаў, у патрэбнай моўнай пары, з адпаведнай назвай — памятайце, што створаныя файлы TMX будуць мець назву праекта ў сваіх назвах.

  • Скапіяваць дакумэнты, для якіх неабходна стварыць памяць перакладаў, у каталёг /source праекта.

  • Скапіяваць файлы памяці перакладаў, якія зьмяшчаюць пераклады згаданых дакумэнтаў, у падкаталёг /tm/auto новага праекта.

  • Адчыніць праект. Праверыць наяўнасьць магчымых памылак тэгаў праз Ctrl + T і неперакладзеных сэгмэнтаў праз Ctrl + U . Каб спраўдзіць, ці ўсё як мае быць, можна націснуць Ctrl + D для кампіляцыі перакладаў і праверыць іхняе зьмесьціва.

  • Пры выхадзе з праекта файлы TMX у галоўным каталёгу праекта (гл. вышэй) цяпер утрымліваюць пераклады ў абранай моўнай пары для файлаў, скапіяваных у каталёг зыходных файлаў. Скапіяваць іх у бясьпечнае месца для будучай працы.

  • Каб не выкарыстоўваць праект паўторна і, такім чынам, не забруджваць працу ў будучым, выдаліць каталёг праекта або зархіваваць, каб яго не было ў працоўнай прасторы.

Агульны доступ да памяці перакладаў

У выпадках працы над перакладам каманды перакладчыкаў яны могуць палічыць за лепшае мець агульны доступ да памяці перакладаў, а не распаўсюджваць свае лякальныя вэрсіі.

OmegaT можа ўзаемадзейнічаць з SVN і Git, дзьвюма сыстэмамі кіраваньня вэрсіямі і перагляду камандных праектаў (RCS), даступнымі на ўмовах ліцэнзіі з адкрытым зыходным кодам. У выпадку OmegaT азначаныя RCS кіруюць поўнымі каталёгамі праектаў — іншымі словамі, адпаведнымі файламі памяці перакладаў, а таксама каталёгамі зыходных файлаў, наладамі праекта і да г. п. падрабязьней у разьдзеле

Выкарыстаньне файлаў TMX з альтэрнатыўнымі моўнымі парамі

Могуць паўставаць выпадкі, калі завершаны пэўны праект, напрыклад, перакладу з галяндзкай на ангельскую. А затым патрабуецца пераклад, напрыклад, на кітайскую, а ваш перакладчык не разумее галяндзкую, але выдатна разумее ангельскую. У падобным выпадку памяць перакладаў NL-EN можа служыць у якасьці пасярэдніка ў стварэньні памяці перакладаў NL-ZH.

Рашэньне ў нашым прыкладзе ў тым, каб скапіяваць існуючую памяць перакладаў у падкаталёг tm/tmx2source/ і перайменаваць яе ў ZH_CN.tmx, каб паказаць мову перакладу для TMX. Перакладчык будзе бачыць пераклады на ангельскую мову для зыходных сэгмэнтаў на галяндзкай і выкарыстоўваць іх, каб стварыць пераклад на кітайскую.

Важна: апорныя файлы ТМХ павінныя быць перайменаванымі ў XX_YY.tmx, дзе XX_YY — мова перакладу файла TMX, напрыклад, у ZH_CN.tmx у прыведзеным вышэй прыкладзе. Зыходныя мовы праекта і файла TMX, вядома, павінны быць ідэнтычнымі — NL у нашым прыкладзе. Памятайце, што можна мець толькі адзін файл TMX для дадзенай моўнай пары, і таму, калі патрабуюцца некалькі некалькі файлаў памяці перакладаў, трэба будзе аб’яднаць іх усе ў XX_YY.tmx.

Прадухіленьне страты даніх

OmegaT — надзейная праграма. Але пры выкарыстаньні OmegaT варта клапаціцца пра захаваньне даніх — як і пры выкарыстаньні якой заўгодна праграмы. Падчас перакладаньня файлаў у OmegaT усе напрацоўкі захоўваюцца ў файле памяці перакладаў project_save.tmx, які знаходзіцца ў падкаталёгу праекта /omegat.

OmegaT робіць рэзэрвовыя копіі памяці перакладаў у файлах з назвамі тыпу project_save.tmx.YEARMMDDHHNN.bak у тым самым падкаталёгу пры кожным адкрыцьці або перазагрузцы праекта. YEAR = год (4 знакі), ММ = месяц, DD = дзень, HH = гадзіна, NN = хвіліны папярэдняга захаваньня праекта.

Калі вы мяркуеце, што страцілі данія перакладу, можна выканаць наступныя дзеяньні ў мэтаў аднаўленьня праекта да апошняга захаванага стану (звычайна не даўней за прыблізна 10 хвілін):

  1. зачыніць праект

  2. перайменаваць бягучы файл project_save.tmx (напрыклад у project_save.tmx.temporary)

  3. вылучыць рэзэрвовую копію памяці перакладаў, якая, верагодна, утрымлівае патрэбныя данія

  4. перайменаваць гэты файл у project_save.tmx

  5. адчыніць праект

Каб не губляць важныя данія, варта рабіць наступнае:

  • Рэгулярна рабіць копіі файла /omegat/project_save.tmx на рэзэрвовыя носьбіты (CD або DVD).

  • Пакуль не пачняце добра разумець працу OmegaT, ствараць файлы перакладаў праз рэгулярныя інтэрвалы і спраўджваць наяўнасьць апошняга варыянта перакладу ў перакладзеным файле.

  • Будзьце асабліва пільныя, зьмяняючы файлы ў каталёгу /source на працягу праекта. Калі зыходны файл зьменены, а пераклад ужо пачаты, OmegaT можа не знайсьці ўжо перакладзены сэгмэнт.

  • Прачытайце гэтыя дапаможныя тэксты перад пачаткам працы. Калі сутыкняцеся з праблемамі, адпраўце паведамленьне ў групу карыстальнікаў OmegaT . Для паведамленьняў карыстайцеся мовай, якой найлепш валодаеце.

Перакладаньне файлаў PDF

Файлы PDF — гэта асобны выпадак. Яны зьмяшчаюць Інфармацыю пра фарматаваньне, але OmegaT ня можа ўжыць гэтую інфармацыю, каб скампіляваць файлы перакладаў. Такім чынам, файлы PDF апрацоўваюцца як файлы нефарматаванага тэксту, і на выхадзе атрымліваюцца файлы нефарматаванага тэксту.

Калі трэба аднавіць фарматаваньне тэксту ў перакладзе (а таксама іншыя элемэнты, напрыклад, малюнкі), ёсьць тры варыянты, якія можна паспрабаваць:

  1. Скарыстацца з фільтра па змаўчаньні OmegaT (увод PDF), перакласьці, скампіляваць файл перакладу (атрымаецца файл нефарматаванага тэксту), дадаць адпаведнае фарматаваньне і элемэнты ўручную.

  2. Скарыстацца зь фільтра Iceni Infix. Гл. Howto - Translating PDF files with Iceni Infix and OmegaT.

  3. Імпартаваць зыходны файл у LibreOffice Draw, захаваць яго як файл ODG, перакласьці, экспартаваць у PDF пры неабходнасьці.

Заўвага: гэтая інфармацыя тычыцца толькі файлаў PDF з тэкставым слоем. Калі файл PDF створаны з адсканаваных старонак, спатрэбіцца скарыстацца з праграмы аптычнага распазнаваньня сымбаляў, каб распазнаць тэкст і пераўтварыць яго ў фармат файла, які OmegaT можа апрацаваць.

Іншыя фарматы файлаў

У OmegaT могуць апрацоўвацца іншыя фарматы файлаў нефарматаванага або фарматаванага тэксту.

Для пераўтварэньня файлаў у падтрыманыя фарматы можна скарыстацца са зьнешніх інструмэнтаў. Перакладзеныя файлы затым спатрэбіцца пераўтварыць назад у арыгінальны фармат. Напрыклад, калі ў вас састарэлая вэрсія Microsoft Word, якая не падтрымлівае фармат ODT, вось што можна зрабіць з файламі Word з пашырэньнем DOC:

  • імпартаваць файл у Apache OpenOffice/LibreOffice Writer

  • захаваць файл у фармат ODT:

  • перакласьці яго, атрымаць пераклад у ODT

  • загрузіць файл перакладу ў Apache OpenOffice/LibreOffice Writer

  • захаваць файл у фармаце DOC

Якасьць фарматаваньня перакладзенага файла будзе залежаць ад якасьці пераўтварэньня туды і назад. Перш чым ужываць падобныя пераўтварэньні, абавязкова праверце ўсе варыянты. Актуальны пералік дапаможных сродкаў для перакладу гл. на вэб-старонцы OmegaT.

Мовы зь пісьмовасьцю справа-налева

Выраўнованьне зыходных сэгмэнтаў і перакладаў залежыць ад моваў праекта. Па змаўчаньні тэкст выраўноваецца па левым баку для моваў зь пісьмовасьцю зьлева-направа (LTR) і для моваў зь пісьмовасьцю справа-налева (RTL). Можна пераключацца паміж рознымі рэжымамі адлюстраваньня, націскаючы Shift + Ctrl + O (лацінская літара O, ня лічба 0). Пераключэньне па Shift + Ctrl + O адбываецца паміж трыма рэжымамі:

  • выраўноўваньне па змаўчаньні, у залежнасьці ад мовы

  • выраўноўваньне па левым баку

  • выраўноўваньне па правым баку

Выкарыстаньне рэжыму для моваў зь пісьмовасьцю справа-налева ў OmegaT не ўплывае на рэжым адлюстраваньня перакладзеных дакумэнтаў, створаных у OmegaT. Рэжым адлюстраваньня перакладзеных дакумэнтаў трэба зьмяняць у адпаведнай праграме (напрыклад, у Microsoft Word), якая звычайна выкарыстоўваецца для іх адлюстраваньня або рэдагаваньня (падрабязнасьці гл. у адпаведным дапаможніку карыстальніка). Пры націску Shift + Ctrl + O зьмяняюцца і рэжым уводу, і рэжым адлюстраваньня тэксту ў OmegaT. Гэта можа ўжывацца асобна да ўсіх трох панэляў (рэдагаваньня, супадзеньняў і глясара), трэба клікнуць па адпаведнай панэлі і пераключыць рэжым адлюстраваньня. Яно таксама можа ўжывацца ва ўсіх палёх уводу ў OmegaT — у вакне пошуку, для правілаў сэгмэнтаваньня і г. д.

Заўвага для карыстальнікаў Mac OS X: націскайце Shift + Ctrl + O , а не cmd+Ctrl+O.

Радкі з рознымі напрамкамі пісьмовасьці ў сэгмэнтах

Пры напісаньні тэксту толькі з пісьмовасьцю справа-налева можна ўжываць выгляд па змаўчаньні (зьлева-направа). У многіх выпадках, аднак, патрабуецца мець урыўкі тэксту зьлева-направа ў тэксьце справа-налева. Напрыклад, у тэгах OmegaT, назвах вырабаў, якія павінны быць пакінутыя ў напрамку пісьмовасьці зыходнай мовы зьлева-направа, сымбалі-запаўняльнікі ў файлах лякалізацыі і лікі ў тэксьце. У падобных выпадках узьнікае неабходнасьць пераключыцца ў рэжым справа-налева для належнага адлюстраваньня тэксту зь пісьмовасьцю справа-налева (насамрэч, двухнапрамкавага). Варта адзначыць, што ў рэжыме справа-налева ў OmegaT і зыходны тэкст, і пераклад паказваюцца ў рэжыме справа-налева. Гэта значыць, што калі зыходная мова мае пісьмовасьць зьлева-направа, а мова перакладу — справа-налева (ці наадварот), можа патрабавацца пераключацца паміж рэжымамі зьлева-направа і справа-налева для зручнага прагляду крыніцы і перакладу ў іх адпаведных рэжымах.

Тэгі OmegaT OmegaT у сэгмэнтах зь пісьмовасьцю справа-налева

Як сказана вышэй, тэгі OmegaT — гэта радкі зьлева-направа. Пры перакладзе паміж мовамі з рознымі напрамкамі пісьмовасьці можа патрабавацца пераключацца паміж рэжымамі зьлева-направа і справа-налева некалькі разоў, каб правільна чытаць тэгі крыніцы і правільна ўводзіць іх у тэкст перакладу.

Калі дакумэнт дазваляе, перакладчыку вельмі пажадана выдаліць інфармацыю пра стылі з арыгінала, каб па магчымасьці паменшыць колькасьць тэгаў, якія будуць паказвацца ў OmegaT. Гл. “Парады наконт тэгаў”. Для выяўленьня магчымых праблемаў варта часьцей правяраць тэгі (гл. “Праверка тэгаў”) і рэгулярна кампіляваць пераклады (гл. ніжэй і “Мэню”). Парада: найлягчэйшым варыянтам можа быць пераклад нефарматаванага тэксту і даданьне патрэбнага фарматаваньня і стыляў пазьней у дакумэньце зь перакладам.

Кампіляцыя перакладаў зь пісьмовасьцю справа-налева

Пасьля кампіляцыі перакладу напрамак адлюстраваньня тэксту будзе такім самым, як у зыходным дакумэньце. Калі тэкст арыгінала быў зьлева-направа, зьмяніць напрамак тэксту ў дакумэньце перакладу на справа-налева трэба будзе ўручную ў адпаведнай праграме. Кожны фармат на выхадзе мае свае спэцыфічныя спосабы апрацоўкі тэкстаў з напрамкам справа-налева; падрабязнасьці гл. у адпаведных кіраўніцтвах карыстальнікаў праграмаў.

У выпадку файлаў .docx пэўныя зьмены, аднак, адбываюцца аўтаматычна:

  • Для абзацаў, разьдзелаў і табліцаў задаецца двухнапрамкавы рэжым
  • Для прагонаў (тэкставых элемэнтаў) задаецца напрамак справа-налева

Каб парамэтры адлюстраваньня тэксту ў файлах перакладаў не мяняліся кожны раз пры адкрыцьці, можа быць магчымым зьмяніць парамэтры адлюстраваньня зыходных файлаў, каб гэтыя парамэтры аднаўляліся ў файлах перакладаў. Такія мадыфікацыі магчымыя, напрыклад, у файлах ODF.