OmegaT 4.2 — Дапаможнік карыстальніка

Appendix C. Модуль праверкі правапісу

OmegaT мае ўбудаваную праверку правапісу на аснове модуля, які ўжываецца ў такіх праграмах як Apache OpenOffice, LibreOffice, Firefox і Thunderbird. Гэта дае магчымасьць скарыстацца зь вялікай колькасьці слоўнікаў, даступных для гэтых праграмаў.

Усталёўка слоўнікаў для праверкі правапісу

Каб скарыстацца з функцыі праверкі правапісу трэба ўсталяваць адпаведныя слоўнікі для мовы перакладу. Каб усталяваць слоўнікі для праверкі правапісу, выканайце наступнае:

  • У файлавым мэнэджары стварэце новы каталёг у прыдатным месцы для захоўваньня слоўнікаў (у прыкладзе ніжэй гэта D:\Translations\spellcheckers).

  • У OmegaT выберыце “Налады → Праверка правапісу”, затым націсьнеце кнопку “Выбраць” побач з полем каталёгу слоўнікаў. Перайдзеце да створанага каталёга слоўнікаў і абярэце яго.

  • У гэтым каталёгу ўсталюйце файлы слоўнікаў. Ёсьць два спосабы зрабіць гэта. Можна скапіяваць файлы ўручную, напрыклад, зь іншага месца ў сыстэме, з дапамогай файлавага мэнэджара, або скарыстацца з функцыі OmegaT “Усталяваць новы слоўнік” , каб атрымаць сьпіс даступных слоўнікаў, зь якога можна зрабіць адпаведны выбар. Заўважце, што для працы функцыі ўсталёўкі патрабуецца Інтэрнэт-злучэньне. Абраныя мовы затым будуць усталяваныя і зьявяцца ў сьпісе ў акне наладкі праверкі правапісу (на гэта спатрэбіцца пэўны час).

Капіяваньне ўручную мае сэнс, калі ў сыстэме ўжо ёсьць патрэбныя слоўнікі, напрыклад, у складзе праграмаў тыпу Apache OpenOffice, LibreOffice, Firefox або Thunderbird. Прасьцей, аднак, спампаваць слоўнікі з Інтэрнэта, скарыстаўшыся з поля “Адрас слоўнікаў у Інтэрнэце” :

Figure C.1. Наладка праверкі правапісу
Наладка праверкі правапісу

Пасьля націску на кнопку “Усталяваць новы слоўнік” зьявіцца вакно ўсталёўкі слоўнікаў, у якім можна выбраць слоўнікі да ўсталёўкі.

Назвы файлаў павінны адпавядаць коду мовы перакладу, вызначанаму ва ўласьцівасьцях праекта (мэню “Праект → Уласьцівасьці”). Напрыклад, калі мовай перакладу вызначана ES-MX (мэксыканская гішпанская), назвы файлаў слоўніка павінныя быць es_MX.dic і es_MX.aff. Калі вы маеце толькі слоўнік для стандартнай гішпанскай з назвамі файлаў es_es.dic і es_es.aff, напрыклад, гэтыя файлы можна скапіяваць у es_MX.dic і es_MX.aff, і праверка правапісу будзе працаваць. Пры гэтым, зразумела, памылкі будуць выяўляцца ў адпаведнасьці з правіламі стандартнай (кастыльскай), а не мэксыканскай гішпанскай.

Ужываньне слоўнікаў для праверкі правапісу

Няма неабходнасьці ўказваць OmegaT выкарыстоўваць канкрэтны слоўнік для праверкі правапісу; праграма будзе выкарыстоўваць слоўнік для адпаведнай мовы, зыходзячы з кодаў моваў праекта. Аднак трэба пільнаваць, каб коды моваў дакладна супадалі: слоўнік для мовы FR-FR ня будзе працаваць для мовы FR, напрыклад. Пры неабходнасьці зьмянеце назвы файлаў слоўнікаў або налады моваў праекта.

Каб уключыць праверку правапісу, абярэце “Налады → Праверка правапісу” і пастаўце пазнаку “Аўтаматычная праверка правапісу ў тэксьце” (гл. вышэй)

Figure C.2. Выкарыстаньне праверкі правапісу
Выкарыстаньне праверкі правапісу

Калі клікнуць правай кнопкай мышкі на падкрэсьленым слове (“Artund” на малюнку вышэй), адкрываецца выпаднае мэню са сьпісам прапановаў выпраўленьня (“Art und”). Можна таксама ўказаць модулю праверкі правапісу ігнараваць усе ўваходжаньні пэўнага няправільна напісанага слова або дадаць яго ў слоўнік.

Парады

Калі праверка правапісу не працуе, спачатку пераканайцеся, што пазначаны пункт “Аўтаматычная праверка правапісу ў тэксьце” у дыялёгу праверкі правапісу (“Налады → Праверка правапісу…”).

Таксама праверце, ці адпавядае код мовы перакладу праекта даступным слоўнікам для праверкі правапісу (гл. у акне наладкі). Праверка правапісу адбываецца на падставе коду мовы перакладу: калі мовай перакладу зьяўляецца бразыльская партугальская (pt_BR), падкаталёг слоўнікаў павінны ўтрымліваць два файлы слоўніка з назвамі pt_br.aff і pt_br.dic .

Калі пасьля перакладу значнай часткі тэксту вы зразумелі, што мова перакладу праекта не адпавядае мове слоўніка праверкі правапісу,(pt_BR вызначана як мова перакладу, але няма слоўнікаў для pt_BR, напрыклад), можна проста скапіяваць два адпаведныя файлы і перайменаваць іх (напрыклад, pt_PT.aff і pt_PT.dic — у pt_BR.aff і pt_BR.dic адпаведна). Вядома, значна лепей зрабіць кароткі перапынак і спампаваць правільныя вэрсіі слоўнікаў.

Памятайце, што праз кнопку “Выдаліць” абраныя слоўнікі выдаляюцца фізычна. Калі яны выкарыстоўваюцца іншай праграмай у сыстэме, то яны зьнікнуць і з гэтай праграмы. Калі па якой-небудзь прычыне вам трэба рабіць гэта час ад часу, можа мець сэнс капіяваньне патрэбных файлаў у адмысловы каталёг, зарэзэрваваны толькі для выкарыстаньня OmegaT.